Падляшская памежная служба набірае новых супрацоўнікаў
60 чалавек прыме сёлета Падляшскае аддзяленне памежнай службы. Першы этап набору, тэлефонная рэгістрацыя, пачнецца ўжо 28 студзеня: з 8.30 да 15.30 працаўнікі памежнай службы будуць чакаць тэлефанаванняў ад ахвотных трапіць на працу. У чарговы этап набору адбяруць першых 500 зарэгістраваных асобаў.
У час тэлефоннай размовы працаўнік папрасіць падаць некаторыя неабходныя звесткі, якія трэба падрыхтаваць загадзя, — кажа Крыстына Якімік-Ярош з прэс-службы падляшскіх памежнікаў.
— Каб правільна зарэгістравацца трэба будзе падаць імя і прозвішча, дату нараджэнне, асабісты нумар, імя бацькі і тэлефонны нумар для кантакту. Таксама трэба памятаць, што у час аднаго тэлефоннага спалучэння можна будзе вызначыць тэрмін падачы дакументаў выключна для аднаго чалавека.
Усю інфармацыю пра тэрмінах і ўмовы прыёму можна знайсці на сайце podlaski.strazgraniczna.pl і ў сядзібе камендатуры па вуліцы Бема, 100 у Беластоку.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток