Падляшскі бізнес атрымлівае дапамогу Еўразвязу
Падляшскі бізнес атрымлівае дапамогу Еўразвязу на фоне пандэміі каронавірусу. Управа Падляшскага ваяводства зацвердзіла першыя датацыі ў конкурсе дзеля дапамогі прадпрымальнікам у іх бягучай дзейнасці. Да больш як трохсот фірмаў трапіць амаль дзевяць мільёнаў злотых. Яшчэ да канца месяца стане вядомы чарговы спіс прызначаных дапамог.
Кажа маршалак ваяводства – Артур Касіцкі:
– Чарговыя 325 фірмаў атрымаюць дапамогу ў рамках Падляшскага эканамічнага пакету. У першую чаргу датацыі былі прызначаныя тым фірмам, якія панеслі найбольшыя страты. Яны знаходзяцца ў самай цяжкай сітуацыі, і таму хочам, каб яны як найхутчэй атрымалі дапамогу. Яшчэ ў красавіку мы прадставім другі спіс удзельнікаў конкурсу, праекты якіх будуць пазітыўна ацэненыя. Наша мэта, і мне здаецца, што ў нас гэта атрымліваецца, ёсць паляпшэнне эканамічнай сітуацыі на як мага большай колькасці прадпрыемстваў у рэгіёне, пацярпелых у выніку пандэміі.
Падляшскі эканамічны пакет быў створаны Управай ваяводства дзеля абароны прадпрымальнікаў ад негатыўных наступстваў COVID-19. Да гэтага часу ў рамках пакету каля дзесяці тысяч фірм атрымалі аднаразовую фінансавую дапамогу. У рамках новага набору плануецца вылучыць агулам каля 33 мільёнаў злотых датацый.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя