«Падляшскі вянок» і «Гарадзенскія каруначкі» – на адной сцэне ў Беластоку
Госць у нашай студыі – харэограф Аксана Прус, стваральніца і кіраўнік дзіцячага танцавальнага гуртка ў Беластоку «Пядляшскі вянок».
РР: Непасрэднай нагодай для нашай сустрэчы стала падзея, якая пройдзе заўтра. Можа, з гэтага і пачнём.
Аксана Прус: На 17 сакавіка мы запрашаем нашых сталых гледачоў, а таксама новых, зацікаўленых нашай праграмай, на творчую сустрэчу двух цікавых дзіцячых калектываў: гэта ўжо ўзгаданы «Падляшскі вянок» і калектыў Цэнтра педагагічнай практыкі Гарадзенскага каледжа мастацтваў «Гарадзенскія каруначкі». З апошнім мы пачалі супрацу ў мінулым годзе. Гэта наша другая творчая сустрэча. Летась наша сустрэча выглядала як майстар-клас беларускага танца. А сёлета мы вырашылі, каб кожны паказаў сваю творчую праграму. Пачне наш калектыў «Падляшскі вянок», пазней выступіць гарадзенскі калектыў, а пасля пройдзе творчая інтэграцыйная сустрэча.
РР: Дзе заўтра пройдзе гэтая сустрэча?
Аксана Прус: Сустрэча адбудзецца ў Цэнтры культуры Беластоцкага ўніверсітэта. Там вельмі добрая для нас зала – там вялікая сцэна. Думаю, на такой сцэне нашым дзецям будзе лепш раскрыць свае творчыя здольнасці.
РР: Раскажыце пра сам калектыў «Падляшскі вянок». Калі ён узнік, над чым працуеце, што ўжо зроблена?
Аксана Прус: Наш калектыў яшчэ зусім маладзенькі. Мы існуем трэці навучальны год. Спачатку ў нас было каля 20 дзетак, а цяпер колькасць дзяцей павялічылася да 40. І мы вельмі задаволеныя тым, што ў гэтым годзе ўжо атрымалася стварыць дзве танцавальныя групы.
Мы працуем пры аб’яднанні «АБ-БА». Існуем пры вялікай падтрымцы і дапамозе нашых бацькоў – гэта нашы першыя спонсары, памочнікі, стваральнікі, якімі мы ганарымся. Бо яны і ёсць стваральнікі аб’яднання «АБ-БА», яны стараюцца перадусім для сваіх дзяцей і вельмі дапамагаюць у існаванні нашага калектыва.
У гэтым годзе мы ўжо падышлі да таго, што стварылі сваю сталую праграму. У нас ёсць танцы, якія мы асвоілі раней. Цяпер у дзяцей крыху паскорыўся тэмп, ужо інакш выглядае майстэрства выканання танцаў. Таксама мы асвойваем новую праграму. У нас з’явілася беларуская «Лявоніха», пра якую я даўно марыла. З’яўляюцца характэрныя танцы: беларускі сцэнічны танец «Юрачка», дзіцячыя «Дударыкі». І ўвогуле ў нас шмат планаў, каб у гэтым шматкультурным рэгіёне паказаць беларускую культуру з розных бакоў, каб людзі ведалі, што гэта не звыклыя танцы парамі, а танцы з галоўнымі героямі, з працэсамі працы. Такім чынам, хочацца з розных бакоў паказаць нашу беларускую культуру.
Мы стараемся браць удзел у розных святах і фестывалях. Так, у мінулым годзе мы бралі ўдзел у ваяводскім аглядзе мастацкіх калектываў. І мне вельмі прыемна, што наш такі малады калектыў адразу заняў трэцяе месца. Вельмі прыемна, што дзецям хочацца прымаць удзел у канкурэнцыі, тым больш там былі польскія танцавальныя калектывы.
У гэтым годзе мы хацелі б ажыццявіць такую нашу мару: узяць удзел у фальклорным моладзевым фестывалі ў Балгарыі. На яго запрашаюцца 11 краін-удзельніц, якія прэзентуюць нацыянальную культуру. Для нас гэта вельмі важна. Канешне, мы будзе прадстаўляць перадусім Польшчу, але будзем паказваць нацыянальныя беларускія традыцыі і танцы. Для нас гэта вельмі важны выезд, бо хочацца, каб дзеці паглядзелі, як у свеце прэзентуюць нацыянальную культуру, як ставяцца да гэтага, колькі яшчэ трэба працаваць і вучыцца, каб адпавядаць таму, што ты сам прэзентуеш нацыянальную культуру. Гэта вельмі важная місія. І я думаю, што такі фестываль у гэтым нам дапаможа.
Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле:
Кацэрт «Падляшскага вянка» і «Гарадзенскіх каруначкаў» пройдзе 17 сакавіка ў 14 гадзін ва Універсітэцкім цэнтры культуры ў Беластоку (ul. Ciołkowskiego 1N).
Беларускае Радыё Рацыя