«Падляшскі вянок» сярод пераможцаў прэстыжнага фестывалю
Танцавальны калектыў «Падляшскі вянок» на сцэне ўжо больш за 5 гадоў. Праўда з-за пандэміі пяцігадовага юбілею не ўдалося адсвяткаваць своечасова.
Але харэограф калектыву Аксана Прус спадзяецца, што юбілей адзначаць летам. А святкаваць ёсць што, бо калектыў сёлета ў лютым заняў другое месца на прэстыжным міжнародным фестывалі «Таленты Еўропы» ў Гішпаніі:
– Калі ўсё будзе добра, то мы хацелі б адзначыць гэты юбілей. Можа, нам удасца сабрацца, патанчыць і да сябе паклікаць гледачоў. Падчас пандэміі з’явіліся фестывалі анлайн, і віртуальна можна пабываць у Гішпаніі. Вельмі знаны фестываль “Таленты Еўропы”. Толькі ў фінале ўдзельнічала 100 ансамбляў. У паўфінале якраз атрымалі першае месца. Я наогул не спадзявалася, што мы там зоймем месца. Калі наш калектыў атрымаў другое месца, маёй радасці не было канца.
У 2018 годзе на міжнародным фестывалі ў Балгарыі “Падляшскі вянок” заняў першае месца ў катэгорыі народны танец.
“Падляшскі вянок” – танцавальны калектыў, які дзейнічае пры аб’яднанні АББА (бацькі і дзеці, якія вывучаюць беларускую мову ў Беластоку) пад кіраўніцтвам харэографа Аксаны Прус. Ужо летам майстэрства «Падляшскага вянка» зможам паглядзець у Гарадку.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя