Падляшскіх спартоўцаў адзначылі за дасягненні
Шэраг падляшскіх спартоўцаў адзначаны за спартовыя вынікі і дасягненні ў 2019 годзе. Узнагароды маршалка Падляшскага ваяводства прызначаныя ў пяці катэгорыях і маюць фінансавае вымярэнне.
Кажа маршалак Артур Касіцкі:
– Хачу, безумоўна, падзякаваць усім спартоўцам, дзеячам, трэнерам з Падляшскага ваяводства, якія змагаліся за найлепшыя вынікі, каб нашае ваяводства было як найлепш прадстаўленае ў спорце ў нашай краіне. Важным момантам у справе гэтых узнагарод ёсць тое, што мы, Управа Падляшскага ваяводства, павялічылі фінансавы складнік узнагарод. У мінулым годзе гэта было 80 тысяч, а сёлета 120 тысяч злотых.
Найлепшым спартоўцам прызнаны кідальнік молата Войцех Навіцкі, найлепшым маладым спартоўцам – спрынтарка Марлена Голя, найлепшым спартоўцам з абмежаванымі магчымасцямі – веласпартовец Павел Арцішэўскі, найлепшым трэнерам прызнаная Мальвіна Катажына Вайтулевіч, якая трэніруе лёгкаатлетаў. Акрамя таго, выбітны байдарачнік і трэнер Ежы Грамбчэўскі адзначаны за ўсю сваю спартовую дзейнасць.
Беларускае Радыё Рацыя