Падляшскія бізнесоўцы патрабуюць дапамогі ад ураду
Падляшскія бізнесоўцы, якія зараблялі на памежным руху, нясуць вялізныя страты. А таму патрабуюць ад ураду дапамогі, а таксама вяртання заплачаных падаткаў.
Пра гэта было заяўлена падчас адмысловай прэсавай канферэнцыі ў цэнтры Беластока, на якой прысутнічаў дэпутат польскага Сейма – Робэрт Тышкевіч:
-Пра гэта трэба гучна казаць, для соцень тысяч чалавек гэта стала драмай. Гэта драма немажлівасці правядзення нармальнай гаспадарчай дзейнасці, немажлівасці зарабляць на пражыццё, выплаты крэдытаў. Гэта драма звальнення людзей з працы. Гэта драма, нарэшце, продажу нерухомасці, выезду з гэтага рэгіёну і заканчэння гаспадарчай дзейнасці. Мы не можам гэтага дазволіць!
“Кліентамі нашай крамы на 99 працэнтаў былі кіроўцы грузавых машын і пасажыры легкавых машын. У нас працавала некалькі дзясяткаў асоб, а цяпер толькі дзве асобы”, – кажа саўладальніца фірмы Lasota-Citko – Аліна Цітко, якая на працягу 21 года трымае прадуктовую краму ў Баброўніках:
-Фактычна закрыццё граніцы ў Баброўніках выклікала тое, што ў касе ў нас няма грошай. Мы не маем сродкаў для выплаты бягучых рахункаў, пратэрмінаваных рахункаў, рахункаў за тавар. Не маем грошай на выплаты нават тым супрацоўнікам, якія яшчэ працуюць.
Як заявіў падляшскі ваявода ў размове з агенцтвам РАР, гэтая справа абмяркоўвалася на ўзроўні ваяводства, але цяпер рэгіён чакае рашэння з Варшавы.
А што тычыцца “Баброўнікаў”, то міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Камінскі заявіў, што пакуль Анджэй Пачобут знаходзіцца ў турме – памежны пераход у Баброўніках будзе зачынены.
Беларускае Радыё Рацыя