Працягаюцца пратэсты фермераў у Беластоку (абноўлена)



Фермеры, якія пратэстуюць у Беластоку, дамовіліся з ваяводскімі ўладамі. Маршалак ваяводства і ваявода звернуцца да старастаў падляшскіх паветаў, каб тыя стварылі адмысловыя незалежныя групы экспертаў па справах ацэнкі шкодаў, якія з-за дзікоў нясуць сяляне.

Кажа чалец управы ваяводства, Ежы Ляшчынскі:

– Дзякуючы гэтаму, падляшскія земляробы хутчэй змогуць атрымаць кампенсацыю.

Да гэтага часу кампенсацыі за шкоды выплачвалі мясцовыя паляўнічыя колы. Аднак сяляне скардзяцца, што вельмі рэдка працаўнікі колаў прыяжджаюць ацэньваць рэальныя страты. Пратэст перад будынкам маршалкоўскай управы ў Беластоку не спыняецца. Увесь час там застанецца некалькі асоб.

 Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Перад будынкам Маршалкоўскай управы ў Беластоку адбыецца пратэст падляшскіх фермераў.

2015-06-25_djZona-pratest-fermerau-01

Яны патрабавалі стварэння незалежнай камісіі па справах ацэнкі шкодаў, якія наносяць ураджаю дзікі, а таксама адстаўкі міністра сельскай гаспадаркі Марэка Савіцкага.

2015-06-25_djZona-pratest-fermerau-02

Фермеры прывезлі з сабой гукавыя гарматы ды лозунгі супраць польскіх уладаў.

2015-06-25_djZona-pratest-fermerau-03

Кажа адзін з арганізатараў пратэсту Павел Рагуцкі:

– Мы прыехалі сюды, каб патрабаваць стварэння незалежнай камісіі па ацэнцы шкоды. Ці вы створыце, ці не створыце, але кожны другі дзень будуць прыязджаць камбайны. Мы заключылі дамову з паліцыяй, што не будзем ускладняць рух жыхарам. Хацеў бы ад імя фермераў папрасіць прабачэння ў жыхароў, бо магчыма гармата будзе камусьці перашкаджаць. Мы чакаем стварэння камісіі, а калі не, то пратэст будзе павялічвацца.

Пасля афіцыйных выступаў пратэстоўцы сустрэліся з прадстаўнікамі ўправы Падляшскага ваяводства. Бакі дамовіліся спыніць пратэст, які планаваўся на бліжэйшыя сем дзён. Улады паабяцалі максімальна хутка стварыць камісію, якую патрабавалі фермеры.

Беларускае Радыё Рацыя