Падляшскія гміны і Берасце наладжваюць супрацоўніцтва



Падляшскія гміны Дубічы Царкоўныя і Кляшчэлі наладжваюць транспамежнае супрацоўніцтва з Берасцем. Гміны і горад хочуць атрымаць сродкі на разбудову каналізацыі ды рамонт адстойніка.  

Па запрашэнні войта Дубічаў Лявона Малашэўскага гміну наведала дэлегацыя з Берасця з намеснікам старшыні гарвыканкама Мікалаем Якубоўскім. Тэмай сустрэчы з’яўляецца супрацоўніцтва пры супольным транспамежным праекце „Польшча-Беларусь-Украіна”.

Праект прадугледжвае разбудову каналізацыі ў Берасці, Дубічах і Кляшчэлях, а таксама пабудову адстойніка ў гміне Дубічы, кажа войт Лявон Малашэўскі:

– Заявак вельмі шмат, вельмі вялікая канкурэнцыя. Некалькі краін бярэ ў гэтым удзел: Польшча, Беларусь, Украіна. Цяжка будзе атрымаць фінансаванне, але трэба спрабаваць, каб пазней не дакараць сябе, што не падалі і не атрымалі.

У межах праграмы „Польшча-Беларусь-Украіна” можна будзе атрымаць ад 100 тысяч да 2,5 мільёна еўра. Вынікі будуць вядомыя да канца жніўня. Бюджэт праекта разбудовы санітарнай інфраструктуры складае 2,5 мільёны злотых.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя