Падляшскія ліцэісты напісалі экзамен па белмове
Падляшскія ліцэісты напісалі экзамен па беларускай мове. Апошні экзамен на атэстат сталасці ў сярэдніх школах Польшчы – гэта экзамен па мове нацыянальнай меншасці.
Вучні выпускных класаў ліцэяў з беларускай мовай навучання здавалі пісьмовы экзамен па роднай мове. Сёлетнія тэксты – гэта „Аблава” Васіля Быкава і „Беласточчына” Алеся Барскага.
На думку дырэктара беларускага ліцэя ў Бельску Падляшскім Андрэя Сцепанюка, гэтыя тэмы не павінны быць праблемнымі для выпускнікоў:
– Калі я паглядзеў на аркуш, то скажу шчыра, вельмі ўсцешыўся. Ён вельмі цікавы і думаю, што гэта такі аркуш, які можна спакойненька напісаць. Цешуся, што ёсць згадка пра Беласточчыну, ёсць верш Алеся Барскага. Другая вельмі важная тэма – звязаная з Быкавым, з „Аблавай”. Калі гаварыць пра публіцыстычныя тэксты, то я можа быць замнога не напісаў бы, ён пра Фэйсбук – гэта тэма для тых людзей, якія пішуць сёння.
Пісьмовую беларускую мову здаюць вучні беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы, у Бельску Падляшскім, а таксама тыя, хто вывучаў мову нацыянальнай меншасці ў сярэдніх школах Беластока.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя