Падляшскія мытнікі «накрылі» вытворчасць самагону пад Гарадком
Супрацоўнікі Падляшскай мытнай службы ліквідавалі чарговую буйную незаконную вытворчасць самагону, якую абсталявалі непадалёк Гарадка, што ў Беластоцкім павеце. Абсталяванне для вытворчасці сурагатнага алкаголю было канфіскаванае, як і 150 літраў гатовага прадукту. Распавядае прэсавы сакратар Мацей Чарнецкі:
– Супрацоўнікі Падляшскай мытна-падатковай інспекцыі ў Беластоку выявілі, што ў лесе ў ваколіцах Гарадка наладжана незаконная вытворчасць самагону, якую кантраляваў на месцы 20-гадовы мужчына, жыхар гміны Гарадок. Абсталяванне для вытворчасці сурагатнага алкаголю і 150 літраў 50-градуснага самагону былі канфіскаваныя.
Супрацоўнікі Падляшскай мытнай службы пачалі ў адносінах да парушальніка адміністрацыйную справу. Яму пагражае буйны штраф. Сурагатны алкаголь і апаратура для яго вытворчасці ўтылізаваныя.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота podlaskie.kas.gov.pl