Падляшскія ткачыхі вучаць свайму рамяству японцаў
Вырабамі падляшскіх ткачых зацікавіліся японцы. Два гады таму група з сямі чалавек удзельнічала ў майстар-класах, якія вялі падляшскія ткачыхі з Янава, што на Сакольшчыне, – Тэрэса Прызмонт і Бэрнарда Росць. У Янаве яны вучыліся двухасноўнаму ткацтву. Сёлета госці з Японіі вучыліся ткацтву ў Старым Ляўкове, што ў Нараўчанскай гміне на Гайнаўшчыне. Ткацтву аднабаковых перабораў вучыла іх народная майстрыха Ірэна Ігнацюк:
– Прыехала 7 дзяўчат з Японіі. Полька-японка перакладала нам, каб мы разумелі адзін аднаго. Дзяўчаты ткалі, а я ім гаварыла, рукамі махала, але неяк ткалі. І падаецца, былі задаволеныя, бо казалі, што на наступны год таксама прыедуць.
Ініцыятарам правядзення майстар-класаў для японцаў у Старым Ляўкове была Ізумі Фуджыта (Izumi Fujita) – японка, якая жыве ў Польшчы. Падляшскім ткачыхам прысвечаны таксама адмысловы альбом, які выйшаў на японскай мове. Ткацкія вырабы з Падляшша ад некалькіх гадоў карыстаюцца вялікім зацікаўленнем у Японіі. Дагэтуль ў Краіне квітнеючай вішні купілі звыш 2 тысяч тканінаў.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: isokolka.eu