Падляшскія вучні пазнаёміліся з гістарычнай Берасцейшчынай



Цягам двух дзён настаўнікі і вучні Непублічнай пачатковай школы ў Залуках, якія вывучаюць беларускую мову і культуру, падарожнічалі па Берасцейскім і Камянецкім раёнах Беларусі.

За гэты час яны пабывалі ў маёнтку беларускага Дзеда Мароза, каля вальераў з жывёламі ў Белавежскай Пушчы і Камянецкай вежы, пабачылі старое і сучаснае Берасце, а таксама паслухалі беларускамоўныя песні вулічнага музыканта на пешаходнай Савецкай:

– Пабачылі лясных звяроў у запаведніку, пабачылі прыгожы стары горад, пакаштавалі беларускія стравы. 

Дырэктар непублічнай пачатковай школы ў Залуках Ірэна Супрун:

– Пазнаёміцца з іншай культурай, звычаямі, мовай. Можам разам паспяваць, можам атрымаць новы досвед, пазнаёміцца з людзьмі, павучыць мову. 

Акрамя таго вучні з Залукаў пасмакавалі беларускай кухні і наведалі мясцовы беларускамоўны асяродак – краму нацыянальных вырабаў „Князь Вітаўт”. Напярэдадні ад’езду з Беларусі ўдалося сустрэцца і з некалькімі вучнямі і настаўнікам апошняй беларускамоўнай сярэдняй школы ў Камянецкім раёне – Паўлам Кендысем. Сустрэча была неафіцыйнай і прайшла ля вогнішча на беразе прыгранічнага возера Сіпурка. На развітанне падляшукі праспявалі калядкі, а кіраўнік школы ў Залуках пакінула памятныя падарункі настаўніку і дзецям.

Рэпартаж у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя