“Падляскі вянок”- самыя маладыя ўдзельнікі „Падляскай актавы культур”
Самыя маладыя ўдзельнікі сёлетняга 12-га міжнароднага фестывалю музыкі, мастацтва і фальклору “Падляская актава культур” – калектыў “Падляскі вянок”. Ён дзейнічае пры аб’яднанні АББА ў Беластоку. Водгукі на яго выступ у слухачоў былі толькі пазітыўныя.
“Удзел у фестывалі – гэта вельмі добрая прамоцыя аб’яднання і калектыву”, – кажа Аксана Прус, мастацкі кіраўнік беларускага дзіцячага ансамбля танца “Падляскі вянок”:
– Шматлікія польскія гледачы не бываюць на беларускіх імпрэзах. Вось яны прыйшлі на такую шматнацыянальную імпрэзу і былі прыемна здзіўленыя, што ў Беластоку існуе беларускі народны дзіцячы калектыў. Мы – суквецце Польшчы і Беларусі, вучымся і польскай, і беларускай культуры. Гэта такое вельмі цікавае спалучэнне, калі нацыянальная меншасць, знаходзячыся ў асяроддзі палякаў, вывучае беларускую культуру і дацэньвае потым і тую, і другую культуру.
У суботу “Падляскі вянок” выступіць з гадзінным канцэртам у Шчэпетова. А ў самым сэрцы Беластоку цягам бліжэйшых дзён можна будзе пабачыць артыстаў з Ізраіля, Сербіі, Камеруна, Грузіі, Гішпаніі, Украіны ды іншых краін. 25 ліпеня а 16 адбудзецца парад калектываў – удзельнікаў фестывалю «Падляская актава культур». А другі фестывальны дзень а 17 на рынку Касцюшкі распачне эстрадны калектыў “Купалінка” з Менску.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя