Спіс помнікаў, якія падлягаюць дэкамунізацыі на Падляшшы
Інстытут Нацыянальнай памяці аддзел у Беластоку ўжо падрыхтаваў спіс помнікаў у нашым ваяводстве , якія будуць дэкамунізаваныя. Галоўным чынам дэкамунізацыя ахопіць гэтак званыя помнікі ўдзячнасці салдатам Чырвонай арміі, — кажа супрацоўнік Інстытута Пётр Лапінскі:
— Так званыя помнікі падзякі ў рознай форме, помнікі нават канкрэтным афіцэрам высокага рангу, якія былі адказнымі за рэпрэсіі ў дачыненні да палякаў і польскай падпольнай дзяржавы. Калі паглыбіцца ў гісторыю, дык лёгка можна заўважыць, што Чырвоная армія усё ж была збройнай сілай Савецкага Саюза, таталітарнай камуністычнай дзяржавы, мэтай якой было знішчэнне польскай дзяржаўнасці. А тое, што ў грамадскай свядомасці усё яшчэ функцыянуе як «вызваленне», ніякім вызваленнем не было, а толькі чарговым зняволеннем.
Поўны спіс помнікаў пакуль яшчэ не выяўлены ў сувязі з канікуламі і перыядам адпачынкаў. Напрыканцы чэрвеня польскі Сейм прыняў змены ў закон, паводле якіх з публічнай прасторы павінны быць ліквідаваны аб’екты, што прапагандуюць таталітарныя сістэмы. За змены ў закон прагаласавалі 408 дэпутатаў, 7 былі супраць 15 ўстрымаліся ад голасу.
Новая рэдакцыя закона ўвойдзе ў жыццё ў кастрычніку гэтага года.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя