Падведзены вынікі праграмы транспамежнай супрацы



Падведзеныя вынікі праграмы транспамежнай супрацы “Латвія – Літва – Беларусь 2007-2013”, якая ажыццяўлялася ў межах еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства. За час ажыццяўлення праграмы рэалізавана 57 праектаў з удзелам 240 арганізацый з Латвіі, Літвы і Беларусі. Агульны бюджэт, выдаткаваны са сродкаў Еўразвяза, склаў 37 мільёнаў 200 тысяч еўра. Частка праектаў рэалізавана на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці, што, па словах намесніка старшыні грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турыстычна-спартыўны саюз” Сяргея Каляды, станоўча адбіваецца як на эканамічным развіцці рэгіёна, так і на культурна-турыстычным:

Інвестыцыя – гэта жыццё. Праект – гэта вялікая праца. Пралічваюцца рызыкі, складаецца бізнес-план. Мы лічым, што ў праграме транспамежнай супрацы нам трэба змяніцца, зразумець, што гэта грошы. Па-іншаму яно не будзе. Галоўнае – навучыцца прыцягваць грошы ў інфраструктурныя праекты. Трэба паціху будаваць.

У прыватнасці, у межах рэалізацыі праектаў праграмы транспамежнай супрацы былі распрацаваныя турыстычныя маршруты па Гарадзеншчыне, адрамантавана спартовая зала ў Шчучыне, набыта сучаснае абсталяванне для культурных  установаў Гародні, створаны віртуальны музей у абласным цэнтры і адноўлены палац Агінскіх у Залессі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня