Палац культуры і навукі ў Варшаве магчыма пойдзе пад знос



У Польшчы плануюць знесці сталінскі гмах – Палац культуры і навукі ў Варшаве. Такую ідэю падтрымаў кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Блашчак, піша штодзёнка Rzeczpospolita. „Палац культуры і навукі з’яўляецца сімвалам савецкага дамінавання, а сімвалы маюць вялікае значэнне, так як фармуюць погляды, асабліва маладых людзей, таму адбылося перайменаванне вуліц”, – сказаў міністр Блашчак.

Такім чынам, ён падтрымаў міністра культуры Пятра Глінскага, які раней у Радыё ЗЭТ заявіў,  што знясенне гэтага будынку было бы падарункам на 100-годдзе незалежнасці Польшчы, якое будуць адзначаць у 2018 годзе.

Марыюш Блашчак пры гэтым нагадаў, што 99 гадоў таму пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы, на цяперашняй плошчы Пілсудскага разабралі царкву, якая была сімвалам расейскага панавання ў Варшаве.

У канцы кастрычніка ў Польшчы ўступіў у сілу закон аб дэкамунізацыі. Ён прадугледжвае знос савецкіх помнікаў і мемарыялаў.

Беларускае Радыё Рацыя