Паліна Прысмакова пра беларускасць за мяжой, палітыку і Расею
Пра гэта ды іншае ў нашым эфіры паразважала сакратарка Рады БНР, прафесарка кафедры дзяржаўнага кіравання Атлантычнага ўніверсітэту Фларыды Паліна Прысмакова:
– Самае страшнае з гэтай імперыяй – гэта тое, што яна, як эканоміка, базуецца на здабыцці прыродных рэсурсаў. Там людзі выміралі і выміраюць вельмі хутка натуральным спосабам, але калі нават там застанецца дзесяць мільёнаў людзей, але рэсурсы ў гэтай краіны проста бясконцыя. Ці на капіталістычным рынку, ці на адкрытым, ці на „чорным” рынку, заўсёды будзе попыт на гэтыя рэсурсы, таму гэта калодзеж бясконцых грошай.
Разам з тым прафесарка звяртае ўвагу на тое, што шмат хто з грамадзянаў Расеі не валодае расейскай мовай:
– Бюро расейскай статыстыкі, гэта бюро, якое з 1918 году году друкуе лічбы, якія хоча партыя, таму гэта зусім не паказальна. Я была і ў Чувашыі, у Мары Эл і ў Татарстане, у мяне ёсць сябры з Буратыі, там людзі не ведаюць расейскай мовы, яны размаўляюць па-свойму. Яны ходзяць у свае бурацкія садкі, у свае чувашскія школы і да ўзроўню ўніверсітэту, пакуль ім не трэба трапіць у гэтую Маскву, ім не трэба ведаць расейскую мову.
„І гэтых людзей вельмі шкада, бо менавіта іх цяпер высылаюць на фронт”, – заўважае Паліна Прысмакова.
РР: Набліжаюцца чарговыя ўгодкі БНР. У сувязі з гэтым, якія будуць імпрэзы, мерапрыемствы? Ці можа чарговыя ўзнагароджанні?
Паліна Прысмакова: Серыя ўзнагароджанняў ужо ідзе. Гэта будзе працягвацца ў тым фармаце, які патрэбны. Будуць святочныя заявы старшыні Рады БНР. Можа вы не ведалі, што Рада БНР ніколі не існавала ні за якія грошы ніякіх знешніх агентаў. Праўда, увесь бюджэт Рады БНР заўсёды складаўся з валанцёрскіх узносаў сяброў Рады БНР, а таксама неабыякавай супольнасці і грамадскасці. І традыцыйна на 25 сакавіка, калі мы адзначаем дзень заснавання БНР, ідзе фандрайзінг такі, калі мы запрашаем далучыцца і далучыцца таксама грашыма да працы Рады БНР. А больш падрабязнасцяў будзе непасрэдна перад самым святам.
Беларускае Радыё Рацыя