Палітычны прытулак для беларусаў – удзельнікаў Майдану



На сайце change.org з’явілася петыцыя да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з просьбай даць палітычны прытулак чатыром грамадзянам Беларусі, якія бралі чынны ўдзел у Рэвалюцыі Годнасці. Аўтар петыцыі – актывіст Руха Салідарнасці “Разам” Францішак Цярэшка зазначае, што ўкраінскія ўлады мусяць прыняць у сябе беларусаў, якія змагаліся за іхную свабоду:

– Я напісаў гэтую петыцыю ў абарону беларускіх грамадзян, якія ўдзельнічалі ў Майдане, і зараз падвяргаюцца палітычнаму ціску з боку беларускіх уладаў. Украінцы мусяць даць прытулак гэтым беларусам. Паколькі рэвалюцыя перамагла і наступіла нейкая адносная свабода, я лічу, што ўкраінскае грамадства павінна падтрымліваць свабоду тых, хто падтрымаў іх свабоду.   

Не так даўно міграцыйная служба Украіны адмовіла ў прадастаўленні палітычнага прытулку беларускім удзельнікам Майдану, падпісанты петыцыі спадзяюцца, што прэзідэнт Пятро Парашэнка можа паўплываць на змену гэтага рашэння.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота telegraf.in.ua