Паломнікі з Падляшша ідуць у Пачаеўскую лаўру
Свята-Успенская Пачаеўская лаўра – гэта месца, куды ўжо сёмы раз з Хросным ходам накіраваліся паломнікі з Падляшша.
Каля 40 пілігрымаў з Гайнаўкі, Бельска-Падляшскага, а таксама з Берасця ды Украіны, выйшлі ў нядзелю з Гайнаўкі, каб цягам двух тыдняў дайсці на свята Пачаеўскай іконы Божай Маці. “Мы вяртаем традыцыю,” – кажа арганізатарка паломніцтва Эва Рыгаровіч:
– Была ў нас такая традыцыя на Падляшшы, каб хоць адзін чалавек з сям’і схадзіў у Лаўру папрасіць у Госпада Бога, у Божай Маці за сваіх родных. І нам прыйшла такая думка пайсці ў Пачаеўскую лаўру пешшу. У 2013 годзе мы выбраліся ўпершыню туды. З той пары і ходзім.
Сёння паломнікі начуюць у Берасці. Беларуска-ўкраінскую мяжу перасякуць у Макранах 25 ліпеня. Даўжыня ўсяго маршруту паломніцтва складае больш за 500 кіламетраў.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя