Паломніцтва Бельск Падляшскі – Зверкі
1 траўня, пасля багаслужбы ў царкве Міхаіла Арханёла ў Бельску Падляшскім, група з 30-ці паломнікаў накіравалася ў праваслаўны жаночы манастыр Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Зверках каля Заблудава. Там у чацвер, 3 траўня, пройдуць галоўныя святкаванні ў гонар святога мучанніка дзіцяткі Гаўрыіла. Некалькі кіламетраў з паломнікамі ішоў архіепіскап Бельскі Рыгор.
“Большасць з паломнікаў – дзеці ды моладзь, бо святый Гаўрыіл гэта перш за ўсё іх нябесны заступнік,” – кажа айцец Яраслаў Целушэцкі:
– Для нас перадусім ён з’яўляецца нашым святым, з Падляшша, які моліцца за ўсіх нас. Мы таксама ведаем, што ён з’яўляецца нашым нябесным апекуном. Маладыя людзі ідуць, дзеці ідуць, просячы яго заступніцтва. І гэта файна. І так павінна быць.
Сёння бельскія паломнікі будуць начаваць у Рыбалах. Заўтра пад Зверкамі яны маюць сустрэцца з паломнікамі з Гайнаўкі і разам дайсці да месца. Таксама ў Зверкі накіруецца пілігрымка з Беластоку. Святкаванні пачнуцца ў сераду а 17-ай гадзіне, а галоўная святочная багаслужба пачнецца 3 траўня ў 10 раніцы.
У Зверках знаходзіцца царква Мучаніка Гаўрыіла – галоўная святыня жаночага манастыра Нараджэння Багародзіцы. На працягу году рэліквіі дзіцяткі Гаўрыіла знаходзяцца або ў гэтай царкве, або ў беластоцкім саборы Святога Мікалая.
[Not a valid template]
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара