Паломніцтва да Вільні (абноўлена)



Пасля ранішняга набажэнства ў гарадзенскім Пабернардынскім касцёле ХХІІІ пешае экуменічнае паломніцтва з Беластока ў Вільню да Вострай Брамы рушыла ў свой далейшы шлях. Да паломнікаў далучылася больш 50 жыхароў Гародні, а агульная колькасць удзельнікаў стала рэкорднай і перавысіла 400 чалавек.

piligrymka3

Пасля ўчорашняга транспамежнага пераходу з Кузніцы ў Гародню сотні паломнікаў знайшлі прытулак і начлег у гарадзенцаў, якія, па словах біскупа Юзэфа Станеўскага, заўсёды радасна сустракаюць гасцей:

– Трэба даць адпачынак і начлег паломнікам, накарміць іх. Таму нашы жыхары, нашы вернікі прымаюць іх. Думаю, назіраючы за імі, размаўляючы з гэтымі паломнікамі, многія людзі знаходзяць праз іх дарогу да Бога.

– Пешае экуменічнае паломніцтва да Вільні ахоплівае ўсе тэрыторыі, праз якія праходзім. Вядома, тэрыторыя Беларусі – гэта розныя веравызнанні, але большасць вернікаў – праваслаўныя. Аднак і яны вітаюць нас, не толькі каталікі. І якраз у гэтым я бачу сэнс гэтага паломніцтва.

– Я сам з Беластока. Даўно хацеў пабачыць Гародню, Вільню. Калі ў Вільні нядаўна быў, то ў Гародні – вельмі даўно. З прычыны мяжы не атрымлівалася прыехаць, ды і нагоды не было. Таму ў Гародні 20 гадоў таму быў апошні раз.

Траса ХХІІІ экуменічнага паломніцтва Беласток – Вільня налічвае амаль трыста кіламетраў і складаецца з дзевяці этапаў, шэраг з якіх праходзіць па тэрыторыі Гарадзенскай вобласці. Да паломнікаў падчас іх падарожжа традыцыйна далучаюцца вернікі не толькі з Гародні, але і іншых мясцовасцяў Гарадзеншчыны, такіх як Азёры, Новы Двор і Радунь.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * *

280 кіламетраў цягам дзевяці дзён. З Беластока выправілася ХХІІІ экуменічнае паломніцтва ў Вільню. Паломнікі ідуць пакланіцца Маці Божай Вастрабрамскай.

Maci_Vastrabramskaja

Па дарозе пройдуць праз Беларусь і наведаюць Гародню, Азёры, Новы Двор і Радунь. Сёлета ў паломніцтва падалася рэкордная колькасць людзей – ажно 350 чалавек. Кажа каардынатар пілігрымкі, ксёндз Лукаш Жук:

У групе будзе 400 чалавек. Яшчэ да нас далучацца паломнікі з Беларусі. У гэтым паломніцтве бяруць удзел людзі ад 8 да 75 гадоў.

– Гэта экуменічнае паломніцтва. Да нас далучацца яшчэ беларусы – гэта больш за 70 чалавек.

– Гэта супольнасць у малітве, з ружанцам у руках, калі кожная яго частка прагаворваецца на рознай мове – лацінскай, французскай, беларускай, польскай. Вось гэта незвычайна.

– Будзем праходзіць праз розныя тэрыторыі, дзе сустрэнуць нас праваслаўныя браты. Яны таксама нас прымаюць пад свой дах.

– Падтрымліваю гэтае поўнае адарванне ад штодзённасці і прысвячэнне сябе Богу і Марыі.

16 жніўня паломнікі пераначуюць у Шудзялаве, а 17-га –  у Кузьніцы. У Гародню прыйдуць у аўторак. У Вільню, да іконы Маці Божай Вастрабрамскай, пілігрымы прыбудуць 25-га жніўня.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток