Палякі адзначаюць гадавіну першых часткова свабодных выбараў у пасляваеннай Польшчы



Выбары далі пачатак сістэмным пераўтварэнням у Польшчы і падзенню камунізму.

4 чэрвеня 1989 года адбыліся першыя ў пасляваеннай гісторыі Польшчы часткова свабодныя (кантрактныя) выбары ў Сейм ды поўнасцю свабодныя выбары ў Сенат.

Рух «Салідарнасць», пад кіраўніцтвам Леха Валэнсы, дабіўся бліскучай перамогі над Польскай аб’яднанай рабочай партыяй (PZPR), якая кіравала дзяржавай цягам усяго перыяду ПНР — гэта значыць, ад заканчэння Другой сусветнай вайны.

Выбары далі пачатак сістэмным пераўтварэнням у Польшчы і падзенню камунізму. Упершыню ад 1945 года быў выбраны Сенат – вышэйшая палата польскага парламента. Такім чынам узнік Нацыянальны сход, які складаецца з дзвюх палат.

Апазіцыя атрымала на выбарах 161 мандат у Сейме і 99 – у Сенаце, а значыць, максімальную колькасць, на якую згадзіліся камуністычныя ўлады падчас паседжання Круглага стала.

«Салідарнасць», якая ў чэрвені 1989 года з’яўлялася масавым грамадскім рухам, дабілася доступу да СМІ ў часе выбарчай кампаніі. Улады згадзіліся таксама на тое, каб апазіцыя выпускала свой бюлетэнь.

Апазіцыя ўспрымала ўдзел у часткова свабодных выбарах як цану, якую трэба заплаціць за рэлегалізацыю пасля 8 гадоў руху «NSZZ Solidarność». Нягледзячы на характар выбараў, іхны вынік суцэльна памяняў расклад палітычных сілаў і даў магчымасць узнікнення першага пасля 45 гадоў некамуністычнага ўраду ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Ягоным прэм’ер-міністрам быў выбраны Тадэвуш Мазавецкі.

Вынік выбараў быў вялікай перамогай «Салідарнасці». Толькі 40% выбаршчыкаў прагаласавалі за іншых кандыдатаў, чым тыя, якіх запрапанаваў Выбарчы камітэт «Салідарнасць». Падчас другога туру выбараў – 18 чэрвеня – былі выбраныя кандыдаты на вакантныя месцы, якія засталіся пасля паразы ў першым туры гэтак званага агульнапольскага спісу.

Выбарчая яўка склала 62% – гэта рэкорд у гісторыі ўсіх выбараў у Польшчы.

У рамках адзначэння сённяшняй гадавіны першых часткова свабодных выбараў у пасляваеннай Польшчы, сёння ў краіне праходзяць прынагодныя ўрачыстасці.

polskieradio.pl