Палякі шукаюць беларускага партнёра для транспамежнага праекта
Ваяводскі асяродак спорту і адпачынку “Шэльмент” ля Сувалак шукае беларускага партнёра для транспамежнага праекта. У планах установы на бліжэйшыя гады – разбудова турыстычнай інфраструктуры і гатэльнай базы. Грошы на рэалізацыю праекта асяродак хоча здабыць з еўрапейскай праграмы Польшча-Беларусь-Украіна. У праекце можа прыняць удзел падобная установа з Беларусі, якая ў планах мае мадэрнізацыю сваёй турыстычнай базы. Як кажа старшыня “Шэльмента” Павел Жук, размовы з ранейшым партнёрам былі спыненыя з віны беларускага боку.
– Мы мелі беларускага партнёра, аднак ён, як аказалася, не быў пэўны ў сваіх намерах, таму мы адмовіліся ад супрацы з ім. Я спадзяюся, што да канца снежня атрымаецца знайсці іншыя кантакты, каб спрабаваць рэалізаваць гэты праект. Шукаем больш-менш падобнага да нашага асяродка цэнтр з тымі ж рэсурсамі.
Ваяводскі асяродак спорту і адпачынку “Шэльмент” зімою прапануе сваім гасцям 8 лыжных схілаў, а летам – водны лыжны пад’ёмнік. Заяўкі праектаў у праграме еўрапейскай праграмы Польшча-Беларусь-Украіна можна падаваць да канца снежня. Рэалізацыя праектаў плануецца на 2018-2020 гады.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
