Палякі заявілі, што затрымалі «правадніка», і расказалі, адкуль едуць нелегалы
Па дадзеных Дзяржаўнай памежнай службы Літвы, якія прыводзіць інфармагенцтва bns.lt, за апошнія суткі мясцовыя памежнікі затрымалі 107 нелегалаў. Усе мігранты хацелі трапіць у краіну з Беларусі.

Неспакойна было і на польскай мяжы. Паводле інфармацыі Памежнай службы Польшчы, 10 верасня да іх нелегальна спрабавалі трапіць 20 замежнікаў. Гэта грамадзяне Марока, Егіпта, Турцыі, Ірака. Свой шлях яны трымалі праз Беларусь, куды прыехалі з Расеі, паведамляюць польскія памежнікі.
Акрамя таго, польскія памежнікі затрымалі грамадзяніна Азербайджана, які спрабаваў перавезці ў Польшчу чатырох іранцаў.
Што ж тычыцца латышскіх памежнікаў, то, як піша bns.lt, актыўным днём для іх апынулася пятніца, 9 верасня. Тады з Беларусі сюды спрабавалі прарвацца 15 чалавек.
Нагадаем, 30 ліпеня Польшча паведаміла аб завяршэнні будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю. Яго даўжыня складае 186 км. Кошт праекта ацэньваецца ў 353 млн. еўра. Да сярэдзіны верасня плот плануюць абсталяваць электроннымі сродкамі: датчыкамі руху, відэакамерамі і цеплавізарамі.
Беларускае Радыё Рацыя
