Памаліліся і асвяцілі велікодныя кошыкі



У Беластоку каталікі сустрэліся ў цэнтры горада, каб супольна асвяціць ежу на святочны стол. На рынак Касцюшкі са сваімі кошыкамі прыйшло каля 300 чалавек. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі прэзідэнт горада Беластока ды каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Войда. Жыхары прынеслі традыцыйную ежу, якой будуць дзяліцца ў час святочнага сняданка:

— Хлеб, соль, яйкі, вяндліна…

— Яйка, хлеб, булка, соль і перац…

Тадэуш Трускаляскі, прэзідэнт горада Беласток:

— Зычу Вам, каб вы маглі сустрэцца ў сямейным коле і падзяліцца гэтым сімвалічным яйкам.

Жанчына:

— Яйка — гэта сімвал жыцця. Мы таксама праз рэкалекцыі абуджаемся да новага жыцця.

Беластоцкі мітрапаліт Тадэўш Войда:

— Варта дзяліцца тым, што ў кошыку. Кожнае дзяленне мае сваю вартасць, а тым больш з хрысціянскага гледзішча.

— А заўтра мы зможам разам з сям’ёй спажываць гэты велікодны пачастунак.

Супольнае гарадское асвячэнне кошыкаў з ежай гэта ўжо беластоцкая традыцыя. Сёлета прэзідэнт Беластока падрыхтаваў два вялікія кошыкі для падапечных асяродкаў міласэрнасці каталіцкага «Карітас» і праваслаўнага «Элеос».

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток