Памерла Надзея Артымовіч (абноўлена)



Сумная вестка прыйшла 3 кастрычніка – не стала беларускай паэткі Надзеі Артымовіч.

Фота: Павел Грэсь

Развітанне з паэткай пачнецца заўтра, 4 кастрычніка, а 17-й гадзіне ў Міхайлаўскай царкве Бельска-Падляшскага, а 18-ай гадзіне плануецца паніхіда.

У чацвер, 5-га кастрычніка, а 8-й раніцы там жа адбудзецца літургія, пасля якой адпяванне і развітанне на могілках.

***

«Надзея Артымовіч — гэта «ніўская», агульнабеларуская ружа на ўзбочыне літаратуры» — сказаў шматгадовы сябра паэтэсы, галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» і Беларускага Радыё Рацыя – Яўген Вапа:

— Гэта сапраўдны талент еўрапейскага, сусветнага маштабу, які даў неймаверны імпульс, штуршок для вельмі моцнай пазіцыі беларускага літаратуры ў Польшчы. І гэта натхненне для многіх маладых людзей, але таксама сваім бачаннем свету, сваімі перажываннямі ўнутры сябе, Надзея Артымовіч узрастала сярод вялікай паэзіі, стварала вялікую паэзію, робячы тое, што ёй важнейшае.

«Гэта быў высокай якасці паэт. Яна стаіць у тым жа шэрагу, што Ларыса Геніюш». Пра важнасць творчасці Надзеі Артымовіч для беларускай літаратуры кажа Уладзімір Някляеў:

— Страта яе па сваім болі для мяне такая самая, як некалі спадарыні Ларысы. Пухам ёй зямля падляшская, якой яна аддала ўсю сваю любоў, што насіла ейныя бязмежнае вялікае сэрца і празрыстая душа.

Успаміны пра падляшскую паэтку захавала таксама Міра Лукша, якая пазнаёмілася з Надзеяй Артымовіч больш за паўстагоддзя таму.

Тое, што яна напісала, хаця яна напісала не шмат, можна сказаць, вырывала ад сэрца. Вершы дасылала да сяброў, да «Нівы». Хаця яна ўжо была і сябрам Польскага саюза пісьменнікаў, Саюза беларускіх пісьменнікаў, аднак перш за ўсё яна была сябрам «Белавежы», праўда, апошнія гады не была вельмі актыўнай, таму што моцна зачынілася ў сваёй хаце ў Бельску. Каб да яе трапіць, у яе сэрца, пад яе ўвагу, то трэба было вельмі пастарацца. Вельмі ранімая асоба. Мы прыязджалі з «Нівы», сябры з «Рацыі». Мы ўвогуле заўсёды былі гатовыя пасядзець у яе, памаўчаць разам з ёй.

Беларускі літаратар Алесь Аркуш нагадаў, што творчасць Надзеі Артымовіч вельмі цаніў Алесь Разанаў.

Я нават і не згадаю, з кім яшчэ Разанаў разам выдаў кнігу. Выйшаў зборнік «Дзверы». Гэта кніга аб’яднала вершы Надзеі Артымовіч і Алеся Разанава. У ёй Алесь Разанаў як бы ўступаў у паэтычны дыялог з Надзеяй Артымовіч, пісаў адмысловыя паэтычныя водгукі-рэфлексіі на яе вершы. У беларускай паэзіі, па-мойму, другой такой кнігі няма.

Марцін Рэмбач перакладаў вершы Надзеі Артымовіч на польскую мову ў апошнім яе зборніку «Краявід з невідочнай памылкай / Krajobraz z wadą ukrytą», выдадзеным праграмнай радай тыднёвіка «Ніва» ў 2018 годзе. На яго думку зараз важным ёсць прыкласці ўсе намаганні дзеля захавання літаратурнай спадчыны Надзеі Артымовіч.

Ёсць для нас цяпер абавязак, каб гэтая паэзія засталася, каб аднаўлялася, маю на ўвазе перавыдавалася. Мусім шукаць нейкія магчымасці згадваць яе, вельмі важна каб памяць пра паэтку і яе творчасць тут далей прысутнічалі.

Прэзентацыя творчасці Надзеі Артымовіч на цырымоніі ўганаравання прэміяй Арсенневай у 2019 годзе

Надзея Артымовіч нарадзілася 18 лютага 1946 года ў вёсцы Ягуштова каля Бельску.

Дзяцінства Надзеі Артымовіч прайшло ў Бельску-Падляшскім, тут яна хадзіла ў пачатковую школу і Беларускі ліцэй імя Тарашкевіча. У 1965-67 гадах вывучала расейскую філалогію на настаўніцкіх курсах у Беластоку, а ў наступныя гады — беларускую філалогію ў Варшаўскім універсітэце, які закончыла ў 1972 годзе. Пасля жыла і працавала (у тым ліку перакладчыцай) у Варшаве. Была сябрам Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа” і Саюза польскіх пісьменнікаў з 1986 года. Жыла ў Бельску.

Паэтычны дэбют Надзеі Артымовіч адбыўся ў газеце „Ніва” («Ой, ляцелі гусі»). Цягам 1970-75 гадоў тут было надрукавана 13 прапанаваных паэтэсай вершаў. Пачынаючы з 1976 года выйшлі новыя вершы, якіх ужо нямала друкавалася на старонках «Нівы», у «Беларускім календары», часопісе «Маладосць» і інш. Многія з іх датычаць працэсу духоўнай адаптацыі асоб, якія ва ўмовах індустрыялізацыі апынуліся ў віры жыцця вялікіх гарадоў; паэтэса асэнсоўвае гэта, пазбягаючы плыткага сентыменталізму і настальгіі па адыходнай традыцыйнай вёсцы. У вершах «Мой родны горад», «Грудка зямлі», «Ёсць тое», «П’ю прагна» гучаць патрыятычныя матывы, увасабленнем якіх ёсць пакінуты родны кут, зямля дзяцінства; для іх характэрны ідэйны і эмацыйны зарад, вера і здаровы аптымізм. Значныя мастацкія вартасці выяўляе лірыка кахання (цыкл «Мы так блізка сябе»). Выразна паэтэса паказала сваю творчую манеру ў вялікім цыкле рэфлексійных вершаў «Варшаўскія пейзажы», водгук на разнастайныя праявы жыцця знайшоў тут адлюстраванне як у дыяпазоне праблем, так і ў мастацкіх сродках іх выяўлення.

Надзея Артымовіч – аўтарка 10-ці паэтычных зборнікаў.

«We śnie w bólu słowa» (1979)
«Роздумы» (1981)
«Сезон у белых пейзажах» (1990)
«З неспакойных дарог» (1993)
«Дзверы» (1994, разам з Алесем Разанавым)
«Лагодны час» (1998)
«Łagodny czas» (1998)
«Адплывае спакойнае неба» (1999)
«Жоўтая музыка» (2005)
«Краявід з невідочнай памылкай / Krajobraz z wadą ukrytą» (2018)

Калектывы Беларускага Радыё Рацыя і тыднёвіка беларусаў у Польшчы „Ніва” глыбока смуткуюць з-за вялікай страты Падляшша і ўсёй беларускай культуры.

Вечная і светлая памяць…

***

Развітанне з паэткай пачнецца заўтра, 4 кастрычніка а 17-й гадзіне ў Міхайлаўскай царкве Бельска Падляшскага, а 18-ай гадзіне плануецца паніхіда.

У чацвер, 5-га кастрычніка, а 8-й раніцы там жа адбудзецца літургія, пасля якой адпяванне і развітанне на могілках.

Беларускае Радыё Рацыя