Памежная служба Польшчы падпісала кантракт на будаўніцтва перыметра на мяжы з Беларуссю
Сёння (24 сакавіка г.г.) Памежная служба Рэспублікі Польшча падпісала кантракт на будаўніцтва электроннага бар’ера на польска-беларускай мяжы, паведамляе gov.pl/web/mswia.
– Даўжыня электроннага бар’ера складзе 202 км, і ён ахопіць усе ўчасткі агароджы, якая будуецца, а таксама частку памежных вод, – кажа міністр Мацей Вонсік.
На выкананне ўсіх работ, запланаваных па кантракце, заключаны кантракт на суму больш за 332 млн. злотых. Прадметам кантракта з’яўляецца праектаванне і стварэнне комплексу інтэраперабельных электронных прылад з праграмным забеспячэннем, кампанентамі ІКТ і дапаможнымі элементамі для аховы дзяржаўнай мяжы. Яны будуць выкарыстоўваць датчыкі, якія вызначаюць розныя фізічныя характарыстыкі аб’ектаў. Гэта дазволіць атрымаць вычарпальную карціну сітуацыі, бесперапынна збіраць, апрацоўваць і перадаваць інфармацыю незалежна ад мясцовасці і ўмоў надвор’я.
Фота: twitter.com/MSWiA_GOV_PL