Памежнікі затрымалі парушальнікаў з Турцыі, Ірака, Алжыра і Казахстана



На літоўскім і польскім напрамках супрацоўнікамі Смаргонскай і Берасцейскай памежнай групы затрыманыя сем замежнікаў, якія парушылі заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы.

Як паведамляе Дзяржпагранкамітэт, раніцай 11 ліпеня ў Пастаўскім раёне на чыгуначнай станцыі Ярава па аператыўнай інфармацыі былі выяўлены два парушальнікі памежнага рэжыму з Турцыі. Мужчыны ехалі на цягніку Віцебск — Лынтупы без дакументаў, неабходных для знаходжання ў памежнай зоне. Замежнікі сцвярджалі, што мэта іх паездкі — турызм. Характэрна, што 8 ліпеня яны ўжо прыцягваліся да адказнасці за аналагічнае правапарушэнне, адзначаюць памежнікі.

Праз некалькі гадзін на ўчастку заставы „Знаменка” Берасцейскай памежнай групы спрацаваў сігналізацыйны комплекс. Вайскоўцы, якія прыбылі да месца спрацоўкі, выявілі тры дарожкі слядоў у бок Польшчы. У выніку пошукавых мерапрыемстваў былі затрыманыя тры грамадзяніны Ірака, багаж якіх уключаў у сябе мабільныя тэлефоны, зменную вопратку і грошы ў розных валютах.

Вечарам ужо ў Берасці па аператыўнай інфармацыі за парушэнне правілаў знаходжання быў затрыманы грамадзянін Алжыра. У яго дакуменце не аказалася беларускай візы. Мужчына таксама не змог даць выразных адказаў наконт мэты свайго знаходжання ў памежным горадзе.

А ноччу ў Берасцейскім раёне было папярэджана парушэнне мяжы. Невядомы, як высветлілася пазней, грамадзянін Казахстана, перабраўся цераз сігналізацыйны комплекс і накіраваўся ў бок мяжы. Пагранічны нарад, які прыбыў па спрацоўцы, убачыў мужчыну і запатрабаваў спыніцца. Замест таго, каб падпарадкавацца, ён паспрабаваў уцячы. У выніку памежнікам прыйшлося зрабіць папераджальны стрэл у паветра, пасля чаго парушальнік адмовіўся ад сваіх незаконных намераў.

На думку памежнікаў, мэта парушальнікаў відавочная — незаконнае перасячэнне мяжы і пошук лепшага жыцця ў краінах Еўразвяза.

У дачыненні да грамадзян Турцыі распачаты адміністрацыйны працэс за парушэнне памежнага рэжыму. Грамадзянін Алжыра прыцягнуты да адказнасці за парушэнне правілаў знаходжання, а грамадзяне Ірака і Казахстана — яшчэ і за спробу незаконнага перасячэння мяжы. Акрамя таго, грамадзянін Казахстана будзе прыцягнуты да адказнасці за невыкананне законных патрабаванняў службовай асобы.

Затрыманым пагражаюць буйныя штрафы і дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь на пяць гадоў.

belapan.by