Памежны пераход „Брузгі-Кузніца” мадэрнізуюць
Мадэрнізуецца беларуска-польскі памежны пераход „Брузгі-Кузніца”. У рамках транспамежнай праграмы „Польшча-Беларусь-Украіна” будзе павялічана колькасць палос – з 2-х да 4-х у адзін бок. На польскім баку створаць адпаведную інфраструктуру і закупяць абсталяванне.
Разбудова пачнецца ўжо ў гэтым годзе. Новая інфраструктура дазволіць прапускаць на 70% пасажыраў больш. Дагэтуль у суткі праз пераход праходзіла каля 1100 грузавікоў, пасля мадэрнізацыі гэта колькасць павінна павялічыцца ўдвая, кажа дырэктар Дэпартамента інфраструктуры Падляшскаяй ваяводскай управы Эва Стаховіч:
– Падвоім яе. Калі цяпер на кантроль пад’язджае адзін грузавік, то пасля мадэрнізацыі адначасова змогуць пад’ехаць два аўтамабілі. З’явіцца новая паласа руху і новы павільён.
Мадэрнізацыя будзе каштаваць каля 4 мільёнаў еўра. Завяршыць працы плануюць у ліпені 2020 года. Паралельна вядзецца разбудова пераходу па беларускім баку, дзе за грошы Еўразвяза будзе павялічана колькасць палос і ўсталяваны сканер для грузавых машынаў.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя