Памежны пераход Семяноўка-Свіслач разбудуюць да 2022 года



Да канца 2022 года разбудуюць інфраструктуру чыгуначнага памежнага пераход Семяноўка-Свіслач.

Мадэрнізаваны пераход будзе прызначаны толькі для таварнага руху. Дадаткова адновяць шырокія рэйкі з Хрызанова да дзяржаўнай мяжы. Дамову на рэалізацыю праектаў падпісалі маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі і прадстаўнікі Польскай чыгункі.

Паводле Арнольда Брэшча, сябры ўправы Польскай чыгункі, дзякуючы інвестыцыі павялічыцца зацікаўленне транспартных прадпрыемстваў польска-беларускім пераходам Семяноўка-Свіслач:

– Эфектам будзе павелічэнне зацікаўленасці гэтым рэгіёнам, сталае тэхнічнае абслугоўванне чыгуначнай дарогі і пагрузачных пунктаў. Мы разлічваем на тое, што гэтыя 140 мільёнаў, якія мы ўкладзем у чыгунку, у будучыні паспрыяюць яшчэ большай зацікаўленасці.

Разбудова чыгуначнага памежнага пераходу ў Семяноўцы завершыцца ў 2021 годзе. Пазней адкрыецца лінія шырокіх рэек з Хрызанова. Сродкі на гэтыя праекты паходзяць з Рэгіянальнай аперацыйнай праграмы і бюджэту Польшчы. Кошт праектаў складае амаль 140 мільёнаў злотых.

Лукаш Семянюк, Беларускае Радыё Рацыя