Паміж Гародняй і Саколкай з’явіцца роварная траса



Вынікам транспамежнага супрацоўніцта паміж Гародняй і Саколкай стане рамонт двух камяніц ды пабудова роварнай трасы паміж гэтымі гарадамі. На рэалізацыю праекта ў межах праграмы „PL-BY-UA 2014-2020” выдзелена амаль 2 мільёны еўра. 

У Саколцы створаць, а ў Гародні адрамантуюць, турыстычныя інфармацыйныя цэнтры.

Кажа бурмістр Саколкі Ева Кулікоўска:

– Даўжыня трасы складзе больш за 59 кіламетраў, будуць закупленыя ровары. На пачатковым этапе плануем пакупку прынамсі 30 ровараў з польскага боку, а таксама 30 з беларускага боку. Будуць таксама электрычныя ровары, бо гэта даволі доўгая траса.  

У межах праграмы „PL-BY-UA 2014-2020” будуць рэалізаваныя транспамежныя праекты, сярод якіх байдарачны шлях, што злучыць Драгічын у Беларусі і Драгічын у Польшчы, пабудова культурных цэнтраў у польскім і беларускім Шчучынах. 

Рэалізацыі чакае каля 58 праектаў на суму каля 140 мільёнаў еўра.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя