Памочнік Залужнага загінуў ад выбуховага прыстасавання ў падарунку
На Кіеўшчыне загінуў памочнік Галоўнакамандуючага ВСУ Валерыя Залужнага Генадзь Часцякоў. Інцыдэнт здарыўся ў вёсцы Чайкі.

«Сёння пры трагічных абставінах у свой дзень нараджэння ў сямейным коле загінуў мой памочнік і блізкі сябар, маёр Генадзь Часцякоў. У адным з падарункаў спрацавала невядомая выбухная прылада», – напісаў Залужны.
„Эспрэса” піша, што мужчына прыйшоў з падарункамі на дзень нараджэння.
„Пры адкрыцці аднаго з якіх адбыўся выбух. Верагодна, гэта была каробка з бутэлькай і чаркамі”, – гаворыцца ў паведамленні.
Жонка загінулага паведаміла, што граната, якая ўзарвалася ў руках яе мужа, была ў падарункавым пакеце, які той прынёс дадому.
Часцякову было 39 гадоў. У яго засталася жонка і чацвёра дзяцей. „Украінская праўда” паведамляе, што 13-гадовы сын ваеннага атрымаў цяжкія раненні.
