Памяць ахвяраў „Бурага” будуць ушаноўваць два разы на год



Памяць закатаваных 75-ць гадоў таму праваслаўных вазакоў у лесе каля Пухалаў Старых і жыхароў спаленых вёсак аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса „Бурага” ушануюць сёння ў Беластоку.

А 10-й гадзіне ў царкве Святога Духа ў Беластоку пачнецца памінальная літургія.

Кажа Пятро Юшчук з культурніцкага аб’яднання „Русь”.

– Будзе літургія, працэсія пад помнік загінулым, дзе будуць ускладзены вянкі. Айцец Барэчка хоча, каб малітва адбывалася два разы на год. Першая традыцыйна 5-га чэрвеня, у дзень прысвечаны святым холмскім і падляшскім пакутнікам. А другая з 29-га снежня да 2-га лютага, калі праходзіла акцыя „Бурага”, калі ён паліў нашы вёскі і пазабіваў нашых людзей.

Пасля літургіі адбудзецца працэсія да помніка „Памяці праваслаўных жыхароў Беласточчыны, ахвяраў ІІ сусветнай вайны і пасляваенных рэпрэсій”. Тут адбудзецца малебен за душы загінулых ды ўскладанне кветак.

З гэтага году малебен у беластоцкай царкве Святога Духа ў памяць праваслаўных ахвяраў польскага ўзброенага падполля будзе адбывацца двойчы. У апошнюю нядзелю студзеня або першую лютага, у сумную гадавіну „крывавага рэйду Бурага” і 5 чэрвеня, або ў першую нядзелю чэрвеня, калі Праваслаўнай царквой у Польшчы адзначаецца памяць святых мучанікаў Холмскай і Падляшскай зямлі.

Пры царкве Святога Духа ў Беластоку намаганнямі яе настаяцеля айца Юрыя Барэчкі і неабыякавых людзей у 2012 годзе быў усталяваны помнік прысвечаны памяці праваслаўных жыхароў Беласточчыны, ахвяраў ІІ сусветнай вайны і пасляваенных рэпрэсій. На мемарыяле пералічаныя назвы некаторых вёсак, якія былі знішчаны ў 1946 польскім узброеным падполлем.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота swietegoducha.cerkiew.pl