Памяць Вітольда Ашурка ўшанавалі ў Адэсе



Смерць Вітольда Ашурка ўзгадалі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Адэсе. Яны сабраліся з лампадкамі ў руках і правялі хвіліну маўчання.

На сцяне транслявалі партрэт памерлага. Кажуць удзельнікі акцыі:

– Гэта выказванне ўдзячнасці Вітольду за тое, што ён рабіў для нас, для нашай перамогі, для свабоды нашай Радзімы.

– Памяць пра нашага сябра. Я з ім сустракаўся ў 2018 годзе. Было шмат у яго экалагічных праектаў. Ягоная жонка казала, што ў яго з сэрцам не было ніякіх праблем. Але чаму ён загінуў, не ведаю, даведаемся мы ці не.

– Гэта фашысцкі рэжым. Ідзе генацыд народа. Не укладывается в галаве!

Адная з удзельніц акцыі трымала плакат з надпісам “Хто наступны?”

– Вельмі шмат ахвяраў зараз ад дыктатуры. Для мяне, для чалавека, які вельмі любіць людзей, які вельмі любіць свет, любыя ахвяры, з якога боку яны б не былі, яны недапушчальныя. І з любога боку гэта трагедыя. Таму гэта як заклік да таго, што гэта мусіць спыніцца і ўсё павінна прайсці мірным шляхам.

Ахвяры ёсць як з боку мірнага насельніцтва, так і з боку сілавікоў (праз самагубствы) — так удзельніца акцыі патлумачыла сваю пазіцыю.

Пра смерць палітвязня Вітольда Ашурка стала вядома ўвечары 21 траўня. 18 студзеня ў Лідзе на закрытым працэсе яму прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Працэс вёў суддзя Максім Філатаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Адэса