Памёр Мацей Канапацкі – беларускі і татарскі грамадскі дзеяч



У польскім Сопаце памёр Мацей Канапацкі – беларускі і татарскі грамадскі дзеяч. Пра гэта паведаміла гісторык Лена Глагоўская. Канапацкаму было 94 гады. За сваё жыццё ён паспеў абараніць першую ў гісторыі Варшаўскай русістыкі магістарскую працу на беларускую тэму, стаць адным з арганізатараў Варшаўскага аддзелу Беларускага грамадска-культурнага таварыства.

Мацей Канапацкі на магіле бацькі. Быдгашч, 11 траўня 1993 г.

Пра Мацея Канапацкага ўзгадвае прафесар Лена Глагоўская.

РР: З Мацеем Канапацкім Вы былі добра знаёмыя.

Лена Глагоўская: Так, шмат гадоў. Ад пачатку 90-х, а мо і з канца 80-х гадоў. Сустрэла яго ў Беларускім грамадска-культурным таварыстве, якое тады існавала ў Гданьску. І першае, што яго запытала, ці ён ёсць сынам Гасана Канапацкага, чым ашарашыла Мацея.

РР: Гасан Канапацкі – вайсковец, палкоўнік, арганізатар беларускага войска ў 1919 годзе. Невыпадковая асоба ў беларускім руху, так?

Лена Глагоўская: Так, абсалютна. Мацей Канапацкі, хоць паходзіў з татарскай сям’і, мусульманскага веравызнання, адначасна паходзіў са свядомай беларускай сям’і. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі падчас Другой сусветнай вайны, якая лічылася кузняй беларускай інтэлігенцыі. А ягоны бацька Гасан быў у той час старшынём бацькоўскага камітэту.

РР: Як бы Вы коратка ахарактэрызавалі Мацея Канапацкага?

Лена Глагоўская: Для мяне лепшым акрэсленнем таго, кім быў Мацей Канапацкі, ёсць словы Юркі Ваўкавыцкага: “непераўзыдзены следапыт”. Калі пераглядаеш “Ніву” 50-х – 60-х гадоў, то артыкулы Мацея Канапацкага адрозніваюцца той інтэлігентнасцю, якой не хапала журналістам, якія тады ў “Ніве” працавалі. Гэта быў вялікі інтэлігент, гуманіст, экуменіст. Ён быў вельмі адкрытым чалавекам, ніколі не лічыў сваіх грошай і фактычна іх ніколі не меў. Светлая постаць. Я мала ведала такіх людзей. Ён меў у сабе столькі гумару, столькі пазітыўнай энергіі. І гэта здзіўляе, улічваючы, праз што ён прайшоў у 50-60 гады.

Спадар Мацей паходзіў з Віленшчыны, жыў і працаваў у Быдгашчы, Варшаве, Беластоку… Друкаваўся ў беластоцкай беларускай газеце «Ніва», рэдагаваў беларускія праграмы на беластоцкім радыё, даследаваў творчасць беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, культуру беларускіх татараў. У 1993 годзе Мацей Канапацкі стаў дэлегатам Першага з’езду Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Вечная памяць.

Мацей Канапацкі, Саколка, 1976 г.

Цалкам размова ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя