Падляшша развіталася з айцом Рыгорам Сасной
Беларусы Беласточчыны ў асобе айца Рыгора Сасны страцілі не толькі праваслаўнага святара, але таксама свядомага беларуса і выдатнага публіцыста. Сотні яго артыкулаў былі надрукаваныя на старонках тыднёвіка беларусаў у Польшчы ”Ніва”, – гаворыць яго галоўны рэдактар Яўген Вапа.
– Ён апісваў і дакументаваў у нашым тыднёвіку «Ніва» гісторыю прыходаў, таксама друкаваліся яконыя працы, звязаныя менавіта з беларусамі, якія жывуць здаўна на гэтых землях. Так што гэта напэўна чалавек, які для нашай тоеснасці і для людзей, якія хацелі б ведаць сваю гісторыю, а таксама гісторыю сваёй царквы – ён даў вельмі многа.
Айцец Рыгор Сасна памёр 6 студзеня пасля доўгай і цяжкай хваробы на 77-ым годзе жыцця. 9 студзеня ён быў пахаваны на праваслаўных могілках у Бельску Падляшскім.
* * *
Сёння на праваслаўных могілках у Бельску Падляшскім знайшоў свой апошні спачын айцец Рыгор Сасна. Настаяцель праваслаўнага прыхода ў Рыбалах памёр на 77-ым годзе жыцця пасля доўгай і цяжкай хваробы. Быў ён не толькі святаром але таксама даследчыкам мясцовай гісторыі, – гаворыць прафесар Алег Латышонак, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства.
– Айцец Рыгор быў сябрам Беларускага гістарычнага таварыства. Мы яго між сабой называлі нашым капеланам. Ён цікавіўся не толькі гісторыяй царквы, але пры нагодзе быў выдатным краязнаўцам, ведаў гісторыю і пісаў гісторыю нашых мясцовасцяў, пры нагодзе пісання гісторыяў праваслаўных прыходаў.
Айцец Рыгор Сасна з’яўляўся аўтарам звыш 35-ці кніжных выданняў па гісторыі праваслаўя на Падляшшы, сотняў навуковых артыкулаў. Публікаваў свае працы на польскай і беларускай мовах.
* * *
Сёння беларуская праваслаўная грамада развіталася з айцом Рыгорам Сасном, выдатным праваслаўным святаром і беларусаведам. Для многіх журналістаў і публіцыстаў, якія пішуць на царкоўныя тэмы ён быў своеасаблівым настаўнікам. Намеснік галоўнага рэдактара „Przeglądu Prawosławnego” Анна Радзюкевіч узгадвае, што стала журналісткай дзякуючы айцу Рыгору.
– Я асабіста яго вельмі добра запомніла. Мой першы кантакт быў, калі ён нам складаў шлюб у царкве ў Сямятычах. І тады пачаліся нашыя кантакты. Пасля шлюбу ён мяне запрасіў, каб я напісала пра царкву ў Цеханоўцы. І мы паехалі. І гэта быў мой першы тэкст на царкоўную тэму ўвогуле.
Жалобная цырымонія пахавання айца Рыгора Сасны прайшла ў царкве святых Касмы і Дзямяна ў Рыбалах, апошнім яго прыходзе. Труна з целам была перавезеная ў Бельск, дзе айцец Рыгор спачыў на праваслаўных новых могілках.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У вёсцы Рыбалы, дзе айцец Рыгор Сасна служыў амаль 30 гадоў, ужо адбылася развітальная цырымонія. Выбітны праваслаўны святар, тэолаг і беларусазнавец памёр 6 студзеня на 77-ым годзе жыцця пасля працяглай і цяжкай хваробы.
З Рыбалаў паведамляе Юры Ляшчынскі:
– На гэтай развітальнай цырымоніі сабралася вельмі шмат людзей, можна сказаць уся вёска Рыбалы, але яшчэ больш прыехала яго сяброў, знаёмых, тых прыхаджан, дзе ён раней служыў – з Сямяцічаў і іншых прыходаў. У гэтай хвіліне цела ўжо перанесенае ў машыну і далей будзе накіраванае на могілкі ў Бельску Падляшскім. Там яно спачыне. Развітальная цырымонія праходзіла ў ягонай роднай царкве ў Рыбалах. Прысутнічалі духоўныя асобы з Бельскай акругі і іншых акругаў – калі 20-30 святароў, таксама япіскап Сямяцічскі Георгій. І шмат тых людзей, якія яго ведалі. Адмысловую тэлеграму да родных айца Рыгора са спачуваннямі даслаў мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава, які ў першых словах зазначыў, што гэта выбітная постаць, верны сын праваслаўя.
Фота Улі Шубзды.
* * *
9 студзеня ў вёсцы Рыбалы, дзе айцец Рыгор Сасна служыў амаль 30 гадоў, адбудзецца ягонае пахаванне. Як паведамлялася, выбітны праваслаўны святар, тэолаг і беларусазнавец памёр 6 студзеня на 77-ым годзе жыцця пасля працяглай і цяжкай хваробы.
Пра айца Рыгора гаворыць краязнаўца з Бельску Дарафей Фёнік. Яны былі знаёмыя чвэрць стагоддзя і разам даследвалі гісторыю праваслаўнае царквы на Падляшшы.
– Я вучыўся ў айца Грыгорыя. Гэта быў мой настаўнік. Плябанія ў Рыбалах мне вельмі блізкая, там адбываліся доўгія, важныя і цікавыя размовы пра нашую гісторыю і культуру. Там, можна сказаць, пачынаўся і „Бельскі гасцінец”, наш часопіс, айцец Грыгорый нам падказаў такую назву. Сапраўды для мяне айцец Грыгорый быў вельмі блізкая асоба.
Частка асабістай бібліятэкі айца Рыгора Сасны захоўваецца ў Музеі Малой Айчыны ў Студзіводах, які стварыў Дарафей Фёнік. Асноўная маса кнігаў тычыцца беларусістыкі.
* * *
Падляшша развітваецца з айцом Рыгорам Сасном. З вялікім болем і жалем гавораць пра страту свайго любімага святара прыхаджане рыбалаўскага прыходу. Ён запомніцца ім як ветлівы і зычлівы пастыр і чалавек, які з кожным са сваіх прыхаджан умеў знайсці супольную мову.
– Прыйдзе, пацікавіцца здароўем, як жывём. Нічога кепскага не можам сказаць пра яго. Я ўжо старая, мне 83 гады, але ўсё роўна хаджу ў царкву. Няхай яму Гасподзь дасць лёгкую зямліцу… Добры быў наш бацюшка.
Як паведамлялася, 6 студзеня на 77-ым годзе жыцця памёр праваслаўны святар і гісторык-беларусавед Рыгор Сасна. Пахаванне пройдзе 9 студзеня ў Рыбалах.
* * *
Выбітны праваслаўны святар, тэолаг і беларусазнаўца з Падляшша памёр на 77-ым годзе жыцця пасля працяглае і цяжкай хваробы. Гэта адбылося сёння, 6 студзеня, у 9:15 паводле польскага часу ў беластоцкім шпіталі.
Гаворыць сын мітрафорнага пратаярэя Аляксандр Сасна:
– Пахаванне напэўна ў суботу, але яшчэ дакладна не ведаю.
Свайго даўняга сябра згадвае праграмны дырэктар нашага радыё Юры Ляшчынскі:
– Перш найперш хачу выказаць спачуванні сям’і і блізкім айца Рыгора Сасны. Не стала чалавека, які быў вельмі заслужаны, вельмі вартасны для беларускай культуры, для праваслаўя ў Польшчы і не толькі. Гэта мой зямляк, бо я нарадзіўся ў Орлі, а ён нарадзіўся ў Шэрнях – гэта ўсяго 3 кіламетры ад мяне. Ён хадзіў у школу ў Орлю, куды і я хадзіў. Ягоная матушка Антаніна з Рэдут – суседняя вёска, 5 кіламетраў ад Орлі. Мы з адной ваколіцы. Айцец Рыгор вельмі любіў сваю ваколіцу, вельмі любіў Беласточчыну і шмат пісаў, шмат плённай працы публікаваў у сваіх кніжках, манаграфіях праваслаўных прыходаў і на старонках тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” – менавіта пра Беласточчыну, пра праваслаўе на Беласточчыне, пра праваслаўна-каталіцкія суадносіны, пра гісторыю.
Кажа святар, журналіст Кастусь Бандарук, які ведаў айца Рыгора яшчэ з канца 70-х гадоў:
– Калі б айцец Рыгор Сасна быў толькі звычайным парафіяльным святаром, яго імя не запісалася б гэтак у гісторыі, як ужо запісалася дзякуючы яго навуковай дзейнасці. Айцец Рыгор Сасна абсалютна ўнікальны чалавек у маштабах Польскай Праваслаўнай Царквы, цягам прыблізна паўстагоддзя ён зацікавіўся царкоўнай гісторыяй і гэта стала для яго не проста хобі, а нейкай задачай. Ён вырашыў, што трэба ўзнавіць мінуўшчыну і паказаць гэта наступным пакаленням.
Пра свайго калегу кажа прафесар, гісторык Антон Мірановіч:
– Айцец Рыгор Сасна быў не толькі выдатны святар, але і цудоўны навуковец, які нас – маладое пакаленне, вучыў разумець і глядзець на гісторыю сваёй царквы, бачыць вачыма не толькі сённяшняга дня, але і крыніцамі. Рыгор быў таксама выдатным чалавекам, які заўсёды дапамагаў людзям, асабліва маладым, якія займаліся не толькі навукай, але і пачыналі сваё асабістае жыццё. Кожны з нас мае духоўны доўг адносна айца Рыгора. Ён заўсёды быў з намі, ён ніколі не адмаўляў у дапамозе, заўсёды меў адчыненыя дзверы. Ён заўсёды запрашаў спачатку ў Семятычы, а пазней у Рыбалы. Казаў: “Памятайце, што па дарозе ёсць мой прыход, мая плябанія. Прыязджайце проста пагутарыць, пабыць з сабой”. Гэта быў узор духоўніка, узор чалавека, узор цудоўнага чалавека, які пакінуў нам вялізныя навуковыя веды пра гісторыю сваёй царквы і нашай беларускай грамадскасці.
У гутарцы айца Рыгора Сасну прыгадваюць нашыя рэдакцыйныя супрацоўнікі: праграмны дырэктар Юры Ляшчынскі і журналіст Кастусь Бандарук (гутарка ў гукавым файле):
Рыгор Сасна нарадзіўся ў 1939 годзе ў Шэрнях каля Орлі. Святарскую службу пачаў у 1960 годзе ў Кальнікове. У той час ён зацікавіўся гісторыяй Праваслаўнай Царквы.
Сваё святарскае служэнне: у Кодні, Семятычах і затым цягам апошніх 27 гадоў у парафіі ў Рыбалах айцец Рыгор спалучаў з навуковай працай. Ён апублікаваў каля 30-ці кніжак, сотні артыкулаў, у прыватнасці датычных гісторыі Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, як і асобных парафій.
Айцец Рыгор Сасна заўсёды адчуваў сябе свядомым беларусам. Ён ахвотна супрацоўнічаў з нашым радыё. Разам з Матушкай Антанінай ён стварыў у Рыбалах этнаграфічны музей “Бацькаўшчына”.
Рэдакцыя Беларускага Радыё Рацыя выказвае словы шчырага спачування блізкім айца Рыгора.
Беларускае Радыё Рацыя