Памёр вядомы польскі мастак з беларускімі каранямі Анджэй Струміла



Ва ўзросце 93 гадоў у Сувалках памёр вядомы польскі мастак і скульптар з беларускімі каранямі Анджэй Струміла.

Анджэй Струміла нарадзіўся ў Вільні ў 1927 годзе. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў ў Лодзі, а таксама Акадэміі мастацтваў ў Кракаве. Займаўся сучасным мастацтвам.

Яго імя ставяць у адзін шэраг з Анджэем Вайдам ды Кшыштафам Зануссі. Польскі мастак беларускага паходжання Анджэй Струміла апошнія гады некалькі разоў наведваў Беларусь, яго выстава аб’ехала многія беларускія гарады:

– Бацька мой, дзед мой – з Беларусі. Я сам нарадзіўся ў Вільні. З Беларуссю я звязаны рознымі сардэчнымі сувязямі – з беларускімі сябрамі, запрашаю беларускіх скульптараў, беларускіх жывапісцаў на ўсялякія сустрэчы ў нас у Польшчы. Я лічу сябе, можа гэта сёння гучыць архаічна, грамадзянінам Вялікага княства Літоўскага, – сказаў Анджэй Струміла ў 2017 годзе на сустрэчы са скульптарамі ў Беларускай акадэміі мастацтваў.

Беларускае Радыё Рацыя