Памёр вядомы спартовец Яўген Бэдэнічук
У аўторак, 2 траўня, памёр алімпіец Яўген Бэдэнічук, вядомы польскі спартовец, майстар трайнога скачка ў 1980-90-х гадах. Выступаў на Алімпійскіх гульнях у Барселоне ў 1992 годзе. Быў выхавацелем моладзі, настаўнікам фізкультуры ў школах Бельска Падляшскага. Нядаўна ён працаваў у II агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Б. Тарашкевіча ў Бельску.
Бэдэнічуку было 62 гады.
Яўген Бэдэнічук нарадзіўся ў вёсцы Ляхі Гайнаўскага павету. Заняткі спортам і лёгкай атлетыкай ён пачаў у школе ў Гайнаўцы. Выступаў за клубы: АЗС Беласток (1980 -1982, 1984), UWKS WAT Варшава (1983), Ювенія Беласток (1985 -1987), Ягелонія Беласток (1988 – 1995) і Падляшша Беласток (1996 -1999).
У клубе яго трэнерам быў Генрык Альшэўскі, а ў зборнай Польшчы Анджэй Ласоцкі. За сваю насычаную спартыўную кар’еру Бэдэнічук заваяваў сем медалёў на чэмпіянаце Польшчы сярод дарослых – чатыры на стадыёне (золата: Варшава 1992; срэбра: Кельцы 1991; бронза: Піла 1990, Кельцы 1993) і тры ў залі (золата: Спала 1992; срэбра: Спала 1990, Спала 1991).
У 1990 годзе быў фіналістам чэмпіянату Еўропы ў Спліце, удзельнічаў у чэмпіянаце свету ў Токіа ў 1991 годзе. На Алімпійскіх гульнях у Барселоне ў 1992 годзе дасягнуў высокага выніку 16,92 у кваліфікацыйных спробах і з пятым вынікам выйшаў у фінал, дзе заняў 12-е месца (16,23).
У 1991 годзе стаў уладальнікам Кубка Еўропы 1991 года (16,82 м). Яго асабісты рэкорд – 17,08 м – гэта чацвёрты вынік у гісторыі польскага трайнога скачку.
Светлая памяць…