Папу Францішку накіравалі ліст пра падзеі падчас Марша роўнасці ў Беластоку
Ліст да Папы Рымскага Францішка з апісаннем падзеяў, якія мелі месца ў Беластоку 20 ліпеня падчас першага Марша роўнасці, накіравала дыпламатычнай поштай у Ватыкан лідарка “Ініцыятывы для Беластока “ і ўдзельніца маршу Катажына Штоп-Руткоўская .
„Я, як веруючая і практыкуючая каталічка, палічыла сваім абавязкам даць сведчанне таго, што там убачыла”, – кажа Катажына Штоп-Руткоўская:
– Пераслала перакладзены на італьянскую мову ліст. Маю надзею, што Ватыкан неяк адрэагуе публічна. Я таксама папрасіла пра сустрэчу ў Ватыкане з Папам Францішкам.
Першы Марш роўнасці ў Беластоку адбіўся шырокім рэхам у свеце з увагі на гвалт у дачыненні да яго ўдзельнікаў. Паліцыя ўжо ідэнтыфікавала звыш 150 праціўнікаў маршу, беластоцкая пракуратура пачала звыш 20 справаў у сувязі з рознымі падзеямі, якія мелі месца 20 ліпеня ў Беластоку.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток