Парашэнка прапанаваў запрасіць на Данбас міратворцаў ААН
Запрасіць на Данбас міратворцаў ААН прапанаваў кіраўнік Украіны. Такое рашэнне прынялі падчас паседжання Рады нацыянальнай бяспекі Украіны.
Паводле Пятра Парашэнкі, пасля фактычнага парушэння дамовы пра перамір’е, аанаўскія міратворцы, якія будуць дзейнічаць на падставе мандату Рады Бяспекі ААН, – адзін са спосабаў усталяваць трывалы мір на Данбасе.
– Найлепшае выйсце для нас – гэта паліцэйская місія Еўразвязу. Мы ўпэўненыя ў тым, што гэта будзе найбольш эфектыўным і аптымальным гарантам бяспекі ў сітуацыі, якая склалася зараз, калі слова міру не выконваецца ні Расеяй, ні тымі, хто яе падтрымлівае. У час Менскіх перамоваў я папярэдне агаворваў гэтае пытанне і з прэзідэнтам Францыі, і з канцлерам Нямеччыны, і з прэзідэнтам Расеі, прадбачачы, што Менскія дамоўленасці не будуць выкананыя.
Напярэдадні частка украінскіх вайскоўцаў была адведзеная з тэрыторыі “дэбальцаўскага плацдарму”, дзе апошнія некалькі тыдняў адбываліся гарачыя сутыкненні. У выніку баёў Дэбальцава было амаль цалкам знішчанае.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота © РИА Новости