Парашэнка з афіцыйным візітам у Польшчы (абноўлена)
У рамках свайго двухдзённага візіту ў Польшчу, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка выступіў у польскім Сейме. Са значком “Салідарнасці” на грудзях, ён падзякаваў Польшчы за тое, што яна першай прызнала незалежнасць Украіны, а таксама найбольш актыўна падтрымлівала яе на шляху еўраінтэграцыі.
Падляшскі дэпутат ад партыі “Грамадзянская платформа” Роберт Тышкевіч адзначае, што гэта была вельмі эмацыйнай прамова, якую прысутныя ў Сейме ўспрынялі бурнымі апладысментамі:
– Гэтыя авацыі стоячы з боку польскіх парламентарыяў выклікалі вельмі шмат добрых эмоцый да прэзідэнта Украіны. Яго выступ быў вельмі эмацыйным, які можна назваць вялікім вызнаннем веры ў сяброўства і польска-ўкраінскую супрацу. Ён сказаў: “Калі Польшча і Украіна ідуць рука ў руку, то няма перашкодаў, якія б мы не здолелі разам пераадолець”.
У прысутнасці ўкраінскага калегі, прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі падпісаў закон пра ратыфікацыю Дамовы Украіна-Еўразвяз. Ён паабяцаў Украіне дапамогу ў шэрагу рэформаў, а таксама ў мадэрнізацыі ўкраінскага войска.
[youtube id=”BzhZMQIjuVo”]
Прэзідэнт Польшчы падпісаў дакумент, які ратыфікуе дамову пра асацыяцыю Украіны і Еўразвяза. Паводле польскага прэзідэнта, Польшча дэкларуе поўнае разуменне сітуацыі і неабходнасць захавання тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
Браніслаў Камароўскі паабяцаў, што Польшча будзе падтрымліваць рэформы ва Украіне, у тым ліку тыя, якія тычацца вайсковай сістэмы:
– Польшча выступае за пошук рашэнняў на дарозе дыялогу і паразумення, бо лічым, што гэта найлепшы шлях таксама і для Украіны. Хочам супольна ствараць атмасферу супрацы паміж нашымі краінамі, а таксама атмасферу, якая будзе спрыяць вырашэнню крызіснай сітуацыі на расейска-ўкраінскай мяжы.
Нагадаем, што 17-га снежня прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка з афіцыйным двухдзённым візітам прыбыў у Польшчу.
[youtube id=”zE3JmjKFiBE&list=PL1neMztLSbMOdPqnw5gE6Oyr8YSWFKKgW”]
Прэзідэнт Браніслаў Камароўскі заявіў, што „візіт прэзідэнта Украіны з’яўляецца магчымасцю падкрэсліць нашу салідарнасць з Украінай”.
Візіт Пятра Парашэнкі адбываецца па запрашэнні прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага. Пятро Парашэнка надведае Варшаву і Люблін.
Ён сустрэнецца з прадстаўнікамі вышэйшых уладаў Польшчы, выступіць у Польскім парламенце і прыме ўдзел у эканамічным форуме. У прысутнасці Пятра Парашэнкі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі падпіша дакумент аб ратыфікацыі асацыяцыйнай дамовы ЕЗ – Украіна.
Гэта першы візіт Пятра Парашэнкі ў Польшчу, як прэзідэнта Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя