Парашэнка заклікаў ЗША паставіць Украіне 1240 ракетных компексаў Javelin
Прэзідэнт растлумачыў, што менавіта столькі ядзерных боегаловак Кіеў аддаў па Будапешцкім мемарандуме, паведамляе dw.com. У абмен ЗША і Вялікабрытанія абяцалі гарантаваць суверэнітэт Украіны.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заклікаў ЗША аказаць ваенную дапамогу ягонай краіне ў барацьбе з расейскай і сепаратысцкай агрэсіяй на ўсходзе Украіны, а менавіта – паставіць Кіеву 1240 процітанкавых ракетных комплексаў Javelin. „Нам неабходна ўсяго толькі 1240 ракет Javelin, і гэта абсалютна справядліва”, – сказаў ён у інтэрв’ю газеце The Wall Street Journal, апублікаваным у аўторак, 28 ліпеня.
Парашэнка растлумачыў, што колькасць 1240 мае для Украіны сімвалічнае значэнне, паколькі менавіта столькі ядзерных боегаловак Кіеў аддаў па Будапешцкім мемарандуме 1994 года, падпісаным таксама ЗША, Вялікабрытаніяй і Расеяй. „Украіна добраахвотна адмовілася ад свайго ядзернага арсенала, а ў абмен ЗША і Вялікабрытанія абяцалі гарантаваць наш суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць”, – нагадаў ён.