„Парламент” – тэма чарговых заняткаў „Мова нанова” у Беластоку
У прасторы MediaPortBelarus у Беластоку пры падтрымцы фундацыі „Тутака” прайшлі чарговыя заняткі на курсах „Мова нанова”. На гэты для заняткаў абралі тэму: Парламент. Прымеркаваная да чарговых угодкаў, калі ў 1995 годзе ў Менску былі гвалтоўна разагнаныя дэпутаты, якія выступілі супраць рэферэндуму, які паставіў пад пагрозу суверэнітэт Беларусі.
Спецыяльным госцем заняткаў „Мова нанова” быў непасрэдны ўдзельнік тых падзей – дэпутат Вярхоўнага савету 13-га склікання Сяргей Навумчык:
– Беларусь павінна быць парламенцкай рэспублікай, гэта маё глыбокае перакананне. Чалавек можа называцца прэзідэнтам, як у Ізраілі або ў Нямеччыне, які выконвае нейкія прадстаўнічы функцыі. Але зусім не такія, якія па Канстытуцыі выконвае прэзідэнт ЗША альбо ў Расеі ці Беларусі. У дачыненні да Расеі і Беларусі казаць слова Канстытуцыя канешне абражаць само паняцце Канстытуцыя.
Дэпутат Падляшскага сойміка Ігар Лукашук госць курсаў „Мова нанова”, параўноўваючы працу беларускага парламенту і нават такога рэгіянальнага органа, прадстаўніком якога ён з’яўляецца, ставіць пад сумнеў сэнс працы і існавання першага ў такім выглядзе ў якім ён існуе зараз:
– У беларускім парламенце нічога не адбываецца, ён абсалютна не працуе, бо ён не мае ніякага ўплыву на тое, што адбываецца ў краіне. Так што гэта не цяжкая праца быць дэпутатам у Беларусі. Трэба сказаць зразумела і выразна, што шкада, бо для таго і прадугледжаныя розныя элементы ўлады, каб кожная выконвала сваю задачу.
Беларускае Радыё Рацыя