Парламенцкая дэлегацыя Беларусі з візітам у Польшчы



Міхаіл Мясніковіч пабываў у Залешанах, дзе прайшла малітва ў памяць ахвяр злачынства, здзейсненага 29 студзеня 1946 года аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса.

На сустрэчы з беларускай дэлегацыяй, якую арганізаваў бургамістр Кляшчэляў, сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. За 73 гады пасля трагедыі гэта першая такога высокага рангу дэлегацыя, якая наведала Залешаны. Кажа прысутны на сустрэчы Марыюш Нічыпарук:

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі стаў на калена і пакланіўся перад крыжом, які ўсталяваны ў памяць пра ахвяраў у Залешанах. Пазней была кароткая малітва, у якой бралі ўдзел тры бацюшкі з Кляшчэляў і сабраныя людзі. І што вельмі важна: у нас была магчымасць пагаварыць непасрэдна з чальцамі дэлегацыі і яе кіраўніком. Гэтая размова была адкрытая і сардэчная.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Міхаіл Мясніковіч у Залешанах усклаў кветкі да крыжа ў памяць беларусаў, забітых у 1946 годзе аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса “Бурага”.

Кажа Старшыня Савету  Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч:

– Я хацеў бы проста расказаць пра той выпадак, пра які мяне праінфармаваў пры сустрэчы прэзідэнт Польшчы, яго правасхадзіцельства спадар Дуда. Ён сказаў, што планаваў наведаць адно з мерапрыемстваў, звязанае з „выклятымі жаўнерамі”. Да яго падышла беларуска і расказала, што было насамрэч. Ён вывучыў гэтае пытанне і не прымаў удзел у гэтым мерапрыемстве. Гэта сапраўды дарагога варта.

Гэта быў апошні дзень афіцыйнага візіту старшыні ў Польшчы.

* * *

Не толькі культурныя стасункі Беларусі і беларускай меншасці ў Польшчы, але і гандлёва-эканамічная сітуацыя ў беларуска-польскім памежжы. На абмеркаванне ў прыватнасці гэтых тэм спадзяецца бургамістр Бельска-Падляшскага Яраслаў Бароўскі на сустрэчы з беларускай дэлегацыяй, якую ўзначальвае  старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

Я думаю, што беларуская дзяржава таксама хацела б ведаць, якія праблемы маюць беларусы, якія пражываюць за мяжой. Ужо беларусы не маюць магчымасці атрымаць візу па пакупкі, штосьці трэба з гэтым рабіць. Бо гэтая сітуацыя ўплывае і на бізнес у нас: калі тых кліентаў, што прыязджалі да нас з Беларусі, не будзе, то і грошы яны пакінуць не тут, а ў іншым месцы. Вядома, можна купіць і ў Беларусі, і ў Літве, і на Украіне, але ўсюды цэны розныя, і кожны едзе туды, дзе цэны для яго найбольш карысныя.

Сустрэча праходзіць у будынку Падляшскай оперы і філармоніі. Спіс запрошаных прадстаўнікоў беларускай меншасці складае каля 200 чалавек. Прыезд на Падляшша стане завяршальным этапам візіту беларускай дэлегацыі ў Польшчу, які праходзіць з 11 лютага.

* * *

Візіт беларускай дэлегацыі на Падляшша. У графіку старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіла Мясніковіча запланаваны прыезд у Залешаны, адной з 5 беларускіх вёск на Падляшшы, пацыфікаваных у студзені 1946 года. Тут на 14:30 запланаваны малебен і ўскладанне кветак каля крыжа ў памяць ахваряў Рамуальда Райса Бурага. А ўжо ў 17 гадзін у будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку пройдзе сустрэча з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці. Кажа адзін з  запрошаных на сустрэчу, дырэктар агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання Андрэй Сцепанюк:

– Для нас самае важнае, каб Беларусь была як найбольш беларускай. І гэта нам дапаможа. Тут гавару, можа, ужо як настаўнік і дырэктар школы: калі ў Беларусі беларуская мова выкарыстоўваецца паўсюдна, калі гэта мова дзяржавы, калі яе чуваць на вуліцах, то тады і нам будзе лягчэй пераканаць моладзь, каб яна зацікавілася беларускай мовай і культурай. І гэта для нас самае важнае.

Спіс запрошаных складае каля 200 чалавек. Для іх дастаўкі да месца сустрэчы ў Беластоку будзе прадугледжаны транспарт з Бельска Падляшскага ды Гайнаўкі.  Сёння беларуская дэлегацыя наведала медыцынскі ўніверсітэт, а таксама Міхаіл Мясніковіч сустракаўся з кіраўніцтвам Падляшскага ваяводства.

 Фота:  sovrep.gov.by
Фота: РАР

Сёння, 14 лютага, беларуская парламенцкая дэлегацыя прыбыла ў Беласток. Міхаіл Мясніковіч сустрэўся з Падляшскім ваяводам Богданам Пашкоўскім  і маршалкам Падляшскага ваяводства Артурам Косіцкім.

У планах таксама наведванне Залешанаў – адной з 5 беларускіх вёск на Падляшшы, пацыфікаваных у студзені 1946 года аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса (Бурага).

Вечарам запланаваная сустрэча Міхаіла Мясніковіча з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці. Запрашэнні на сустрэчу былі высланыя Пасольствам Беларусі ў Польшчы. Спіс запрошаных складае каля 200 чалавек.

Для дастаўкі запрошаных да месца сустрэчы ў Беластоку будзе прадугледжаны транспарт з  Бельска-Падляшскага ды Гайнаўкі.  Адным з запрошаных з’яўляецца дырэктар Гайнаўскага белліцэя Ігар Лукашук:

– Думаю, што на сустрэчы не будзе магчымасці ставіць нейкія пытанні. А мы, як школа, будзем прысутнічаць на сустрэчы, між іншым, таму, што маем атрымаць строі для танцавальнага гуртка. Будзем спадзявацца, што гэтая сустрэча прынясе станоўчы эфект на будучыню.

Міхаіл Мясніковіч наведаў Беластоцкі медыцынскі ўніверсітэт. У планах таксама наведванне Залешанаў.

* * * 

У Варшаве працягваецца візіт беларускай дэлегацыі на чале са старшынём Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Міхаілам Мясніковічам.

Фота: gov.pl

Пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку эканамічных спраў і праблемы польскай меншасці ў Беларусі – былі галоўнымі тэмамі пасяджэння прэм’ер–міністра Матэуша Маравецкага з кіраўніком Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаілам Мясніковічам, паведаміла канцылярыя прэм’ер-міністра.

Прадстаўнікі апазіцыйнай польскай партыі Грамадзянскай платформа не прынялі ўдзел у пасяджэнні з удзелам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаілам Mясніковічам. На думку Багдана Кліха, Польшча не павінна ганараваць у сваім парламенце прадстаўніка „рэжыму” Аляксандра Лукашэнкі. Сёння Міхаіл Міясніковіч, які знаходзіцца ў Польшчы, сустрэўся з прэзідэнтам Анджэем Дудам, маршалкам Сейма Маркам Кухцінскім, маршалкам Сената Станіславам Карчэўскім і прэм’ер-міністрам Матэушам Маравецкім.

Кажа незалежны сенатар Марэк Бароўскі:

– Новае адкрыццё павінна палягаць на тым, што мы з аднаго боку больш схіляемся да таго, каб весці рознага кшталту размовы на розных узроўнях, Лукашэнка робіць крок у нашым кірунку. Калі ідзе, напрыклад, пра сітуацыю з польскай меншасцю, якая дыскрымінуецца, Саюз палякаў на Беларусі, той сапраўдны, які цяпер з’яўляецца нелегальным. Ці размаўляў Станіслаў Карчэўскі на гэты конт? Ці  гэта ініцыятыва, каб паказаць, што Сенат вядзе нейкую сваю ўласную замежную палітыку?

У пасяджэнні не ўдзельнічалі прадстаўнікі Грамадзянскай платформы. Богдан Кліх сказаў, што рашэнне пра байкот прыняў сенацкі клуб партыі. „Нашай прысутнасцю не будзем легімітызаваць гэтага высокага прадстаўніка рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”, – заявіў сенатар.

Па яго словах, каляндар сустрэч Мясніковіча ў Польшчы „занадта шырокі”. Звяртаў увагу, што дзеянні афіцыйнага Менска сутыкаюцца з крытыкай многіх заходніх дзяржаў і міжнародных арганізацый. Ён згадаў, у прыватнасці, фальсіфікацыю выбараў у Беларусі, пераслед дэмакратычнай апазіцыі ў гэтай краіне ці не захаванне правоў чалавека і грамадзянскіх свабод.

У консульстве ў Беластоку паведамілі, што генконсул Ала Фёдарава рыхтуецца да візіту:

Яе зараз няма, яна рыхтуецца да гэтых мерапрыемстваў. Дзе зараз знаходзіцца дэлегацыя, я не ведаю. Магчыма, яны ў дарозе ўжо. Цяжка сказаць, бо гэтым не мы займаемся, а Варшава.

Але і ў пасольстве Беларусі ў Варшаве не знайшлося супрацоўнікаў, якія маглі б распавесці пра падрабязнасці прыбывання ў польскай сталіцы дэлегацыі Мясніковіча:

На жаль, сёння ніхто не можа расказаць пра планы беларускай дэлегацыі. Сачыце, калі ласка, за навінамі.

У чацвер беларуская дэлегацыя адправіцца ў Беласток, дзе разам з маршалкам Сената наведае Медычны ўніверсітэт. У межах гэтага візіту запланавана сустрэча з рэктарам гэтага ўніверсітэта прафесарам Адамам Крэнтэўскім. У той жа дзень таксама запланаваная сустрэча з Падляшскім ваяводам Багданам Пашкоўскім і маршалкам Падляшскага ваяводства Артурам Касіцкім.

Міхаіл Міясніковіч прыбыў у Польшчу па запрашэнні маршалка Сената Станіслава Карчэўскага ў панядзелак, яго візіт працягнецца да чацвярга. У гэты час запланаваныя яго сустрэчы з вядучымі польскімі палітыкамі ды інш.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота greenpixpartner.pl