Парламенцкія партыі Украіны стварылі кааліцыю (абноўлена)
Дэпутаты Вярхоўнай Рады з пяці партый падпісалі кааліцыйнае пагадненне ў гадавіну пачатку Еўрамайдана. У кааліцыю ўвайшлі прадстаўнікі „Блоку Пятра Парашэнкі”, „Народны Фронт”, „Самапомач”, „Радыкальная партыя Алега Ляшко”, і партыя „Бацькаўшчына”.
„Гэтая кааліцыя павінна быць больш трывалай, чым аранжавая кааліцыя 10-гадовай даўніны”, – такое меркаванне ў нашым эфіры выказала доктар паліталогіі з Універсітэта ў Беластоку Аксана Вайцюк:
– Гэтыя партыі, якія прайшлі ў парламент, яны атрымалі вялікі крэдыт даверу ад народа, і народ ужо не такі даверлівы, як быў дзесяць гадоў таму ў часы Памаранчавай рэвалюцыі. Народ зараз будзе кантраляваць гэтую ўладу, я думаю, што сама ўлада разумее, што калі не пачнуцца рэформы, калі не адбудуцца змены да лепшага, то будзе чарговы Майдан, ён можа быць яшчэ больш трагічны, чым той, які быў год таму.
Пасля пратэстаў гадавой даўніны ва Украіне змянілася ўлада. Прэзідэнцкія і парламенцкія выбары са значнай перавагай выйгралі праеўрапейскія сілы.
* * *
Прадстаўнікі ўсіх пяці партый, якія прайшлі ў Вярхоўную Раду Украіны: «Блоку Пятра Парашэнкі», «Народнага фронту», «Самапомачы», «Радыкальнай партыі Алега Ляшко» і «Бацькіўшчыны» парафіравалі праект пагаднення аб стварэнні кааліцыі ва ўкраінскім парламенце 8-га склікання.
Паводле УНІАН, афіцыйная прэзентацыя тэксту пагаднення з удзелам прадстаўнікоў і лідараў палітычных сілаў адбудзецца 21 лістапада — партыі хацелі паспець парафіраваць праект пагаднення да дня гадавіны Майдану.
Падпісанне тэксту пагаднення адбудзецца 27 лістапада, калі адкрыецца першае паседжанне парламента 8-га склікання.
Беларускае Радыё Рацыя