Парламенцкія выбары і рэферэндум – у адзін дзень?
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда звярнуўся з заклікам да Вышэйшай палаты польскага Парламента – Сената – прызначыць другі рэферэндум разам з парламенцкімі выбарамі на 25 кастрычніка.
Прэзідэнт выступіў са зваротам да народу і патлумачыў, сярод іншага, чаму абраў якараз такую дату.
– Правядзенне рэферэндуму і парламенцкіх выбараў у адзін дзень будзе каштаваць значна танней, чым правядзенне паасобку. Праз рэферэндум будзем ведаць, чаго жадаюць палякі, у якім кірунку грамадства чакае зменаў.
Прэзідэнт Анджэй Дуда патлумачыў, што ён лічыць патрэбным даць грамадзянам магчымасць выказацца на тры пытанні: 1) адносна абавязку пасылаць дзяцей у школу з 6-ці гадоў, 2) адносна падвышэння пенсійнага ўзросту да 67 гадоў, 3) адносна магчымасці прыватызацыі лясоў у Польшчы.
Адначасова Анджэй Дуда вырашыў не адмяняць рэферэндуму, які сёлета 6 верасня загадаў правесці яго папярэднік – Браніслаў Камароўскі. У гэтым галасаванні палякі будуць вырашаць, ці варта ўводзіць у краіне аднамандатныя выбарчыя акругі, ці надалей фінансаваць палітычныя партыі з дзяржаўнага бюджэту, ці падтрымліваюць грамадзяне прынцып, што ў выпадку сумневаў падатковая прызнае рацыю падаткаплатніка.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток