Партыя «Разам» плануе займацца пытаннямі нацменшасцяў



Партыя «Разам», якой эксперты давалі не больш аднаго працэнту, набрала больш за 3,5% на парламенцкіх выбарах у Польшчы і цяпер арганізуе свае структуры на Падляшшы. Партыйцы плануюць уздымаць праблемы беспрацоўя, адсутнасці дамоваў на працу, а таксама і пытанні нацыянальных меншасцяў, – расказвае адзін з лідараў новай партыі з Падляшша Якуб Паплаўскі:

– Перадусім хацелі б сустрэцца з асобамі, якія зараз працуюць з меншасцямі ў нас у ваяводстве, і паразмаўляць. Каб даведацца, якія праблемы ёсць у гэтых людзей. Па-просту прыехаць да гэтых людзей і самому дыягназаваць іх праблемы. Пра канкрэтныя справы будзем размаўляць пры спатканнях.

Партыя “Разам” на Падляшшы атрымала каля 11-ці тысяч галасоў. У канцы выбарчай кампаніі сябры партыі выдалі ўлётку на польскай і беларускай мовах. “Эміграцыя моладзі, беcпрацоўе і адсутнасць уласнага жытла з’яўляюцца праблемамі жыхароў Падляшша польскага, беларускага, украінскага ці нішага паходжання” – было напісана ў выбарчых улётках.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя