Партыя „Разам” возьме ўдзел у выбарах у Еўрапарламент



Польская партыя „Разам” возьме ўдзел у выбарах у Еўрапейскі парламент і неўзабаве прадставіць свае спісы, паведаміў адзін з лідараў партыі Адрыян Зандберг.

У спісах партыі будзе і Севярын Пракапюк, адзін з ініцыятараў беларускамоўных улётак на Падляшшы на мінулых выбарах ў Сейм. „Разам” не ўдалося стварыць шырокай кааліцыі левых сіл, але яны разлічваюць на тое, што да іх падключацца меншыя групоўкі левага накірунку.

Кажа Адрыян Зандберг:

– Вядома, што будзе левы спіс на выбарах у Еўрапейскі парламент. „Разам” з усімі асяроддзямі, якія не хацелі пайсці да лібералаў, з часткай асяроддзяў, якія дагэтуль былі звязаны з „СДЛC”, будзе ў супольным спісе. Будзе спіс левых „Разам”, які будзе на еўрапейскіх выбарах . Спадзяюся, што будзе адзін левы спіс восенню на парламенцкіх выбарах. 

Апошнім часам з партыі адышло каля 30 актывістаў, якія далучыліся да новай партыі „Вясна” Роберта Бедроня. Выбары ў Еўрапейскі парламент пройдуць 26 траўня гэтага года.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя