Партыя «Разам» ушанавала памяць закатаваных вазакоў



Партыя «Разам» ушанавала памяць закатаваных ля Пухалаў Старых вазакоў. 31 студзеня маладыя людзі прыйшлі да помніка ў Бельску Падляшскім, прынеслі вянок і запалілі знічы. Гэта бадай адзіная дэлегацыя, якая ў 71-ую гадавіну прыйшла да магілы бязвінна закатаваных беларусаў.

– Гэта сімвалічны і рэальны жэст у 71-ую гадавіну.

– Я лічу, што як каталік павінен тут быць. Некалькі дзён таму мы былі ў Заляшанах, і мне падаецца абсалютна непрымальным тое, што не было там прадстаўніка Каталіцкай Царквы.

– Гэта першая рэч – прыехаць сюды, паставіць ім свечку, ускласці вянок.

– Шкода, што не можам пабачыць тут афіцыйных урачыстасцяў. Хіба, не хапіла ўяўлення ў мясцовых уладаў. Але мы робім усё, што можам.

Помнік вазакоў быў адкрыты ў Бельску Падляшскім толькі ў кастрычніку 2002 года. Магіла вазакоў знаходзіцца там з 1997 года. 30 вазакоў былі закатаваныя аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса “Бурага” 31 студзеня 1946 года ў лесе ля Пухалаў Старых.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Razem Podlaskie