Партыя «Разам» заклікае правесці грамадскія кансультацыі ў справе вуліцы Лупашкі



Партыя «Разам» заклікае гарадскую ўправу Беластока правесці грамадскія кансультацыі ў справе надання адной з вуліц Беластока імя камандзіра 5 Віленскай брыгады Арміі Краёвай Зыгмунта Шэндзеляжа Лупашкі.

Ваенныя злачынцы не павінны быць героямі нашых вуліц, няма на гэта нашай згоды, гаварыла падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі Катажына Расіньска з партыі «Разам»:

Уявіце сабе сітуацыю, што мы выходзім з сем’ямі на шпацыр і раптам наш зрок заўважае табліцу ў гонар ваеннага злачынцы. Мы з гэтым нязгодныя. Назвы вуліц павінны кансультавацца з жыхарамі. Да гэтага мы заклікаем у нашай петыцыі, якую пададзім да радных Беластока. Мы будзем патрабаваць скасавання рашэння аб прысваенні адной з вуліц Беластока імя Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі» і правядзення грамадскіх кансультацый па гэтай справе.

23 красавіка галасамі радных ад партыі «Права і справядлівасць» управа Беластока прыняла рашэнне прысвоіць адной з вуліц на Беластоцкіх Скарупах імя Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі».

Маёр Зыгмунт Шэндзеляж – камандзір 5 Віленскай брыгады АК адказны за пацыфікацыі вёсак Патока і Вілюкі на Беласточчыне. У лістападзе 1950 года быў прыгавораны судом Народнай Польшчы да смяротнага пакарання. Прысуд быў прыведзены ў выкананне ў лютым 1951 года. У 90-х гадах прысуд быў адменены.

24 красавіка 2016 года Лупашка быў перапахаваны на вайсковых могілках на Павонзках, ды, рашэннем тагачаснага міністра абароны Антонія Мацерэвіча, павышаны да звання палкоўніка.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя